Воскресенье, 15 марта 2026

Як абавязаць ужо «абавязаных»?

438

Пасля таго, як пачаў дзейнічаць Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях», у нашай лексіцы з’явіўся новы тэрмін — абавязаныя асобы. З 28 сакавіка бягучага года пачалі дзейнічаць асобныя пастановы Саўміна, якія рэгулююць тое ж пытанне.

Да гэтай катэгорыі адносяцца гора-бацькі, якія адразу ж пасля нараджэння дзяцей забываюць пра тое, што іх неабходна апранаць, карміць, не кажучы ўжо аб усім астатнім. Пасля прыняцця дадзенага Закона, які для сусветнай прасторы можна назваць унікальным, грамадзяне, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў і таму абавязаныя кампенсаваць дзяржаве выдаткі на выхаванне адабраных у іх дзяцей, былі ўзяты на строгі кантроль. У асноўным яго рэалізоўвалі службы занятасці, міліцыі, судоў, адукацыі, аховы здароўя і іншыя ведамствы.
І хаця пакуль рана падводзіць вынікі, таму што не атрымана нават мізэрная статыстыка ў разрэзе 10 гадоў, усё роўна пэўныя высновы са з’яўлення падобнай дзяржаўнай ініцыятывы зрабіць можна.

Што бачна станоўчага?

Нельга сказаць, што «абавязаныя асобы» з’явіліся ў нашым грамадстве менавіта з 2006 года, калі пачаў дзейнічаць Дэкрэт № 18. Іх было нямала і дагэтуль, проста на іх паводзіны раней не звярталі пільнай увагі. Ювенальная палітыка амаль што не дзейнічала, толькі ў самых катэгарычных або грамадска небяспечных выпадках. Што, відавочна, стварала важкую сацыяльную небяспеку. У першую чаргу, менавіта для наступнага пакалення беларусаў, шэраг прадстаўнікоў якіх раслі ў «антысямейных» умовах. Зразумела, асвоіўшы такі лад жыцця, каб потым жыць па атрыманых у дзяцінстве шаблонах.
Сітуацыя патрабавала аператыўнага вырашэння, неабходна было такім паводзінам надаць статус ганебных у вачах грамадства, больш таго моладзі. Так жыць няправільна, а яшчэ небяспечна, таму што спачатку Дэкрэт №18, а цяпер некалькі пастаноў Савета Міністраў прадугледжваюць і адпаведныя пакаранні за падобнае сямейнае бязладдзе.

Другая выснова заключаецца ў тым, што некаторая частка бацькоў, якія раней былі прызнаны абавязанымі асобамі, узялася ўсё-такі за розум. Дагэтуль самастойна яны не маглі справіцца з заганай, пераадолець свае слабасці, выправіцца. Націск, як кажуць некаторыя, прымус, дапамог ім знайсці дадатковыя сілы, узяць волю ў кулак і зноў сацыялізавацца ў грамадстве. Без адпаведнага заканадаўчага ўздзеяння гэтага б не было.

І, нарэшце, удалося законным чынам абараніць малалетніх ахвяраў ад здзекаў з боку дарослых. У дадатак, дзяржава атрымала некаторую кампенсацыю выдаткаў на ўтрыманне непаўналетніх, што аказала станоўчы ўплыў на развіццё матэрыяльнай базы адпаведных устаноў. А яшчэ паспрыяла развіццю сістэмы «дамоў-прытулкаў сямейнага тыпу», калі адказныя дарослыя бралі на сябе клопат за выхаванне чужых дзяцей.

Што лічыцца недастатковым?


Зразумела, што любая новая заканадаўчая норма праходзіць складаную апрабацыю. Гэта ўжо правераную ініцыятыву можна смела браць і ўкараняць, прагназуючы пэўныя вынікі. Прынятыя адпаведныя законы ў нашай краіне — сапраўдная сусветная ўнікальнасць, наступствы ад рэалізацыі якой яшчэ давядзецца вывучаць юрыстам, сацыёлагам і нават эканамістам. Але некаторыя перагібы ўжо зараз адзначаюцца грамадствам.

Па-першае, паступова выбудоўваецца высокі статус абавязаных асоб. З-за таго, што з падобнымі грамадзянамі даводзіцца губляць шмат часу на іх рэгістрацыю, афармленне, працаўладкаванне і іншыя працэдуры, у розных ведамствах іх пачалі абслугоўваць па-за чаргой. Таму вельмі дзіўна аднойчы было чытаць абвяшчэнне «Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды і абавязаныя асобы прымаюцца па-за чаргой». Атрымліваецца, што гора-бацькоў такім чынам прыраўноўваюць да герояў вайны або шчырых працаўнікоў, якія страцілі частку свайго здароўя на карысць грамадства?

Па-другое, для наймальнікаў работа з гэтай спецыяльнай катэгорыяй людзей у літаральным сэнсе стала пакараннем. Нядобрасумленных абавязаных работнікаў не звольніш, дысцыплінарныя спагнанні могуць адгукацца штрафам, а трымаць такога «працаўніка» пад бокам дастаўляе толькі галаўны боль. Здараюцца выпадкі, калі ўчастковыя інспектары міліцыі, а таксама службовы транспарт саміх прадпрыемстваў дастаўляюць такіх «герояў» на замацаванае за імі працоўнае месца.

Ёсць ужо і папярэднія эканамічныя высновы, звязаныя з праблемай 100-працэнтнай кампенсацыі выдаткаў з абавязаных асоб на ўтрыманне дзяцей у цэлым па краіне, што характэрна і для раённых адпаведных справаздач. Сітуацыя застаецца вострай: на сённяшні дзень штогод такімі грамадзянамі пакрываецца каля 70% дзяржаўных трат. Ды і як можа быць інакш, калі штомесяц яны трэць прагульваюць, заробкі атрымліваюць «капеечныя», а калі з’яўляецца магчымасць, то ўцякаюць з месца пражывання, бадзяюцца па іншых гарадах і вёсках. Турэмнае зняволенне за ўхіленне ад аліментаў фінансавага рэзультату амаль што не прыносіць, таму што ў нас «прымусовая праца» пад забаронай, толькі па жаданні асуджаных. Ды і як апошніх можна задзейнічаць у эканоміцы, сектары якой патрабуюць усё больш кваліфікаваных кадраў і арганізацыі вытворчасці таго ж кшталту?

Падводзячы вынікі

Зразумела, што зламаць свядомасць людзей, якія занялі «адмаўленчую» пазіцыю ў адносінах да сваіх дзяцей і дзяржавы, вярнуць іх да звычайнага жыцця, вельмі складана. Толькі цвёрды кантроль, аператыўнасць, асабістыя кантакты і ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі структурамі стануць складнікамі паспяховых здзяйсненняў у гэтым накірунку. Вось толькі гэтыя акалічнасці і патрэбны ў дзеючай заканадаўчай базе. І пасля даручэння Кіраўніка дзяржавы супрацоўнікам Адміністрацыі Прэзідэнта адносна інвентарызацыі дэкрэтаў, указаў і дырэктыў у плане ўдасканалення норматворчай работы варта спадзявацца, што і гэтая заканадаўчая база папоўніцца кантралюючымі, а магчыма, і караючымі акалічнасцямі.


Алег Сідарэнка