Суббота, 16 мая 2026

Яблык з «Жураўлінага»: з‘еў і паздаравеў

1 024

Хоць і прынята гаварыць, што зімой прырода спіць, але садаводам і ў гэтую пару адпачываць не даводзіцца. Дадзеную акалічнасць пацвярджаюць і ў ААТ «Жураўлінае», на тэрыторыі якога размяшчаецца фруктовы сад плошчай у 181 га.

Спакойна павінна быць на душы ў кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае» за сваіх садаводаў, бо тут падабраліся людзі працавітыя, якія разумеюць, што кожнае дрэўца павінна быць пад наглядам, каб разлічваць на добры ўраджай. Гэта ж часцінка нашай прыроды, якую трэба аберагаць і ўзнаўляць.

А што там робіцца на фруктасховішчы гаспадаркі ў в. Янаўцы? Усё ідзе сваім ладам. Па восені быў закладзены стабілізацыйны фонд у 316 тон сакавітых і прыгожых яблыкаў. Цяпер вось паступова іх адгружаюць у гандлёвыя сеткі. Вітамінную прадукцыю можна набыць у магазінах ТАА «Еўрагандаль», Драгічынскага і Бярозаўскага райспажыўтаварыства, таксама ў гандлёвых кропках сельгаставарыства. План па адгрузцы ў студзені бягучага года выканалі, у лютым ён складае 83,5 тоны. І па тым, як спажыўцы ставяцца да смакавых якасцей яблыкаў гаспадаркі, можна не сумнявацца, што і надалей праблем са збытам не будзе. Толькі ў гэтую сераду на «Еўраопты» фуры вывезлі са сховішча 20 тон вітамінаў гатунку «глостар». Калі скончыцца гэтая смаката, настане чарга «айдарэду», не менш пажыўнага і пахучага. Таксама набыць яблыкі можна непасрэдна на фруктасховішчы, ды яшчэ і па нізкім кошце, бо адсутнічае нацэнка на прадукцыю.

Не пакінуты, канечне, без увагі і сад, які нават зімой патрабуе ўвагі да сябе. У лютым, калі дазваляе навакольная тэмпература (не ніжэй за -5), актыўна праводзіцца абрэзка дрэў, якая павінна скончыцца да першага сакавіка. У маладых дрэўцаў крона фарміруецца, а ў дарослых прарэджваецца. У гэты час няма лісця, таму лепш бачны праблемныя і сухія галіны, абрэзваць можна без спешкі. Адсутнічае рух соку, дрэвы лягчэй пераносяць «стрыжку». У выніку абрэзкі плады будуць вялікія і прыгожыя. А спажывец цяпер такі, што наўрад ці купіць у цябе тавар непрывабнага выгляду. Пэўна ведаюць гэта садаводы ААТ «Жураўлінае», таму і стараюцца сваю работу выканаць якасна і ў тэрмін.

Кожнаму дрэўцу даеш пабелку! Сумнявацца не трэба! Абавязкова абароняць ад шкодніках і хвароб, ад сонечных апёкаў, бо белы колер адбівае прамяні, што надзейна ахоўвае кару ад перагрэву і растрэсквання. І грызуны менш будуць наведвацца ў сад, бо вельмі ж яны любяць у зімовы перыяд паласавацца карой маладых раслін.

А яшчэ ўсё, што прыходзіць у гэты свет, з часам адыходзіць у нябыт. Так і з дрэвамі. Таму ў садзе ААТ «Жураўлінае» перыядычна займаюцца карчаваннем, калі яблыня дасягае 10-гадовага ўзросту, пачынае слаба пладаносіць. Уся работа механізаваная, усе выкарчаваныя дрэвы адразу вывозяцца і ўтылізуюцца.

А на расчышчаных месцах кожны год высаджваюцца маладыя дрэўцы для абнаўлення садовага фонду. Напрыклад, у мінулым годзе было засаджана два кварталы — гэта 55 тыс. дрэўцаў. Нішто сабе пастараліся садаводы! І ў будучым мы зможам ласавацца такімі гатункамі, як «сябрына», «шампіён», «глостар», «айдарэд» і «алеся».

Ці задаволены людзі працай у садзе і на фруктасховішчы? Канечне, заработная плата на ўзроўні. Прывязе гаспадарка да месца працы і назад даставіць. Ці працуеш на свежым паветры, пад пяшчотным сонцам, ці ўдыхаеш неймаверныя пахі яблыкаў, ад якіх кружыцца галава, на сховішчы падчас сартавання і адгрузкі. Нават прыходзяць людзі па дагаворы падраду падзарабіць, асабліва падчас уборкі ўраджаю, калі лішняя пара рук не памяшае.

Вось так і праходзяць будні садаводаў з ААТ «Жураўлінае». Яны стараюцца, бачаць перспектывы, ведаюць, для чаго і каго працуюць. Зразумела, для сябе, сваіх дзетак, для дабрабыту гаспадаркі, для ўсіх нас, каб айчынныя яблыкі ніколі не пераводзіліся на нашых сталах. Застаецца толькі дадаць: каб жа ўсе так працавалі ў роднай Беларусі!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік