
Класічны вальс, паланэз, французская кадрыля… На мінулым тыдні ў чарговы раз палацык прыняў калядны баль. Дэбютантамі сапраўды казачнага мерапрыемства сталі 13 пар юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню перанесліся ў 19 стагоддзе і апынуліся ў цэнтры ўвагі святочнага вечара.
Калядны баль пачаўся з урачыстага адкрыцця, дзе ў віхуры танца пад цудоўную мелодыю класічнай музыкі ў залу з’явіліся ўдзельнікі свята. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуліся прадстаўнікі мясцовай улады, аддзелаў па адукацыі і культуры райвыканкама, арганізатары мерапрыемства. Ганаровыя госці падкрэслілі, што правядзенне балю з’яўляецца не толькі важнай часткай культурнага жыцця раёна, але і спрыяе захаванню і развіццю бальных традыцый цэлага рэгіёна, а таксама адкрыццю новых магчымасцяў для камунікацый, абмену вопытам у маладзёжным асяродку. З вялікай упартасцю, цярплівасцю і працавітасцю яны рыхтаваліся да ўрачыстасці, і ў іх усё атрымалася.
— Да балю ішла доўгая падрыхтоўка, з лістапада развучвалі з харэографамі старадаўнія танцы і этыкет. Спачатку, вядома, не ўсё атрымлівалася, але мне вельмі пашанцавала з партнёрам, ён неяк адразу прыцягнуў да сябе, і мы ўжо разам на рэпетыцыях два разы на тыдзень упарта адпрацоўвалі ўсе рухі да аўтаматызму. Я дакладна разумела, што на нас усе будуць глядзець, таму вельмі стараліся не падвесці нашых педагогаў. Сукенку таксама выбіралі вельмі доўга, але калі ўсё супала, я стала ўпэўнена, што ў нас атрымаецца, — кажа навучэнка 11 «А» класа СШ №1 імя ЧБВА Марыя Волчак.

— Хачу выказаць словы падзякі Марыі за цярпенне. Я таксама ўпершыню апынуўся на балі, таму спачатку вельмі хваляваўся, усё думаў, як пройдзе вечар. Але пасля першага выхаду неяк адпусціла, мы навучыліся адчуваць музыку, плячо адзін аднаго, я адчуў упэўненасць у сабе і ў сваіх сілах. Гэта першы вопыт такіх сустрэч, столькі пачуццяў і эмоцый ніколі не перажываў. Дзе яшчэ ў адным месцы можна адразу ўбачыць столькі прыгожых дзяўчат, — з жартам кажа навучэнец 10 класа СШ №1 імя ЧБВА Арцём Пасько. — Але мая партнёрка, несумненна, самая лепшая. Дзякуючы ёй, я хутка асвоіўся і на пляцоўцы ўжо не было так страшна. Мы вельмі задаволены сённяшнім вечарам, гэта сапраўдная казка.
Адной з цікавых частак балю стала гульня ў фанты. Удзельнікі атрымлівалі задачы і выконвалі іх з вялікай радасцю і энтузіязмам. Яны адказвалі на пытанні, здзяйснялі пажаданні і атрымлівалі прызы. Гэта надавала мерапрыемству элемент гумару і весялосці, робячы яго яшчэ больш інтрыгуючым і запамінальным.
Нотку чароўнасці ў казачны вечар таксама ўнеслі ўдзельнікі народнага струннага ансамбля «АRCHI», выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў. Пранікнёныя мелодыі класічнай музыкі закранулі сэрцы ўсіх прысутных. Гэта сапраўдныя шчырыя пачуцці, якія можа выклікаць толькі жывое выкананне, асабліва калі знаходзішся побач і ўсёй душой адчуваеш майстроў высокага мастацтва.

Шыкоўныя «па», далікатныя рэверансы і мімалётныя погляды… Усё як у пушкінскія часы. А колькі пяшчоты і жыццярадаснасці ў гэтых юных вачах, поўных рамантыкі і аптымізму. Дамы і кавалеры — менавіта так звярталіся распарадчыкі балю да маладых людзей. І як жа прыемна было чуць гэтыя старадаўнія выразы, якія лашчаць слых і сапраўды радуюць сэрца. Бо часам так не хапае свецкага этыкету і абыходжання ў паўсядзённым жыцці, як гэта было раней. Тут ёсць куды імкнуцца, і ёсць аб чым падумаць.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік