Яшчэ на памяці той час, калі праполкай цукровых буракоў, капусты, морквы і іншых сельскагаспадарчых культур займаліся ўручную. Работа ішла марудна, з высокай затратай фізічных сіл. А праз невялікі прамежак часу ўсё патрэбна было пачынаць нанова, бо пустазелле хутка падымалася, асабліва калі праходзілі спорныя дажджы. Цяпер жа рукам сельскага працаўніка вялікая палёгка, бо праполка праводзіцца хімічнымі прэпаратамі (гербіцыдамі). І эфектыўна, і тэхналагічна, толькі патрэбна прытрымлівацца ўсіх нормаў.

Як расказаў аграном па абароне раслін Яўгеній Ляўчук з ААТ «Ліноўскае» карэспандэнтам «раёнкі», у дажджлівае надвор’е праполка хімпрэпаратамі не праводзіцца, калі выгляне сонейка, то патрэбна яшчэ пачакаць 1-2 гадзіны і тады прыступаць да работы. Спякота (калі на слупку тэрмометра больш за +25 градусаў) — таксама не лепшы час, тады пераносіцца праполка на самы ранак ці вечар і павялічваецца расход вады, змяшанай з гербіцыдамі. Важны момант: пасля апрацоўкі неабходна сухая пагода на 2-6 гадзін. Па словах Яўгена, варта ўлічваць і тое, што сельгаскультура павінна знаходзіцца ва ўстойлівай фазе, а пустазелле — ва ўразлівай. Як бачым, улічыць трэба многае. Але ж і рэзультат не прымусіць сябе чакаць, будуць палеткі чыстыя і дагледжаныя. Добра, што і надвор’е сёлета спрыяе правядзенню хімічнай праполкі, але расслабляцца нельга, бо хто ведае, што будзе заўтра.
Сельгаставарыству патрэбна апрацаваць ядахімікатамі плошчу ў 5 тысяч га. Ужо прапалолі такім чынам грэчку і проса высокаэфектыўным інсектыцыдам «Артэон», які абараняе сельскагаспадарчыя культуры ад шкоднікаў. Не застаўся без увагі і яравы рапс, які на гэтым тыдні за вёскай Бакуны апырсквалі гербіцыдам «Напасаран Флекс». На палетку шпарка хадзіў самаходны апырсквальнік «Tecnoma», ахопліваючы за адзін праход шырыню ў 24 метры. Тэхніка запаўняецца чатырма тонамі вады з дабаўленнем прэпарата. Гэтага раствору хапае на 20 га, пасля чаго ідзе чарговая запраўка (за дзень іх налічваецца прыблізна 9). Усё робіцца на месцы, для чаго выкарыстоўваецца аўтацыстэрна «МАЗ», якая і дастаўляе ваду. Аператыўнасць тут не лішняя, яна і дае магчымасць апрацоўваць па 180-200 га за рабочую змену.
Абавязковы складнік дадзенага віду работ — кантроль, які праводзіць аграном па абароне раслін. Не тое што не давяраеш працаўнікам, але перастрахавацца не будзе лішнім. Бо адна неабачлівая памылка з тым жа прэпаратам можа прывесці да сумнага выніку ў выглядзе страты будучага ўраджаю. А яшчэ хочацца зазначыць, што працаўнікі ў ААТ «Ліноўскае» падабраліся талковыя, яны ведаюць не па чутках, што праца на зямлі не дапускае неахайнасці і нават душэўнай чэрствасці.
Сельская гаспадарка ніколі не была і не будзе лёгкім заняткам. Але ад таго мы і паважаем працаўнікоў вёскі, якія прысвяцілі сябе важнай справе — забяспечыць сваіх суайчыннікаў усім неабходным для годнага і шчаслівага жыцця.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі
