Суббота, 24 января 2026

Хакейнае шчасце Сяргея Гімаева

630

Пружаншчына славіцца знакамітымі асобамі ў розных галінах дзейнасці, у тым ліку ў спорце. Але ёсць сярод іх імя, якое мала хто звязвае з нашай зямлёй, — гэта Сяргей Наілевіч Гімаеў. Вядомы савецкі хакеіст, спартыўны каментатар, майстар спорту СССР міжнароднага класа, заслужаны трэнер Расіі.

Тым не менш, славуты хакеіст нарадзіўся ў Пружанах 1 студзеня 1955 года. Яго тата Наіль Зямгутдзінавіч, ураджэнец Башкірскай АССР, быў лётчыкам, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Бацькі пазнаёміліся на Украіне, дзе маці Яўгенія Васільеўна працавала на заводзе. Пасля вяселля маладыя пераехалі ў Польшчу, Наіль служыў у авіяпалку. Там нарадзілася дачка.

Хутка сям’я Гімаевых апынулася на Пружаншчыне — бацька працягваў ваенную службу. Менавіта ў нашым горадзе нарадзіўся Сяргей Гімаеў — будучая зорка сусветнага хакея. Але ў Пружанах сям’я затрымалася ненадоўга, бацьку перавялі служыць на Камчатку. Пасля яго дэмабілізацыі ў 1961 г. Гімаевы пераехалі ва Уфу. Тут і пачалася спартыўная кар’ера Сяргея, які з 11 гадоў трэніраваўся ў вядомым савецкім хакейным клубе «Салават Юлаеў». У ім ён прайшоў шлях ад юнацкай каманды да дарослай. Пасля школы Сяргей паступіў на вячэрняе аддзяленне Уфімскага дзяржаўнага авіяцыйнага інстытута. Але спорт і вучобу цяжка было сумяшчаць, таму на чацвёртым курсе ён зрабіў выбар на карысць хакея. Праз некаторы час спартсмен быў прызваны на службу ў Савецкую армію, якую праходзіў у хакейным спартыўным клубе (Куйбышаў). Пасля шэрага гульняў на турнірах Узброеных Сіл Сяргея Гімаева заўважылі ў ЦСКА (Масква) і перавялі гуляць за адзін з вядучых спартыўных клубаў краіны. Хакеіст, які вылучаўся вялікім ростам (195 см), быў на пазіцыі абаронцы.

За перыяд выступленняў Сяргея Гімаева ў складзе ЦСКА (1976-1985 гг.) сталічная каманда восем разоў станавілася чэмпіёнам СССР, шматразовым уладальнікам Кубка Еўрапейскіх чэмпіёнаў і двойчы ўладальнікам Кубка СССР. Таксама ён тройчы ўваходзіў у лік лепшых абаронцаў савецкага першынства. У маскоўскім клубе Сяргей Гімаеў гуляў у адной камандзе з іншымі «зоркамі» савецкага хакея — Валерыем Харламавым, Уладзіславам Траццяком, Вячаславам Фяцісавым.

Гімаеў завяршыў кар’еру хакеіста ў 1986 г. у складзе СКА (Ленінград). Усяго ў чэмпіянатах СССР ён згуляў 305 матчаў і забіў 45 галоў.
Але яго жыццё ў спорце працягвалася. З 1986 года Сяргей Наілевіч працаваў трэнерам з юнацкімі зборнымі краіны і паралельна вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным абласным педагагічным інстытуце. Яго выхаванцы станавіліся чэмпіёнамі Еўропы. За выдатную працу з маладымі хакеістамі Сяргею Гімаеву ў 1992 годзе было прысвоена званне «Заслужаны трэнер СССР». У 1996-1998 гг. ён працаваў дзіцячым трэнерам у прафесійным хакейным клубе ЦСКА (Масква). Тут жа да 2006 г. займаў пасаду дырэктара спартыўнай школы.
З 2006 года Сяргей Гімаеў з’яўляўся экспертам і хакейным каментатарам, у розныя гады працаваў на тэлеканалах «Расія-1», «Расія-2», «Спорт-1», «Матч ТБ» і «КХЛ ТБ». Яго называлі «народным каментатарам», а голас Гімаева быў пазнавальны для многіх гледачоў падчас хакейных трансляцый.

Усё свядомае жыццё Сяргея Наілевіча было звязана з хакеем. Ён памёр ад сардэчнага прыступу ў Туле 18 сакавіка 2017 г., падчас матчу ветэранаў. Быў пахаваны на Навалужынскіх могілках у Хімках.
Дарэчы, дзеці Сяргея Гімаева таксама звязалі жыццё са спортам: сын Сяргей стаў хакеістам, а дачка Анастасія — фігурысткай, а потым трэнерам.

Сяргей Наілевіч Гімаеў пакінуў незабыўны след у свеце хакея і стаў сапраўднай легендай спорту. Яго жыццёвы шлях, поўны перамог і дасягненняў, натхняе многіх маладых спартсменаў. Пружаншчына можа ганарыцца тым, што менавіта тут нарадзіўся і зрабіў першыя крокі да сваёй зорнай кар’еры гэты выдатны хакеіст. Памяць пра гэтага вялікага чалавека будзе жыць яшчэ доўгія гады, натхняючы новыя пакаленні на вялікія дасягненні.

Дзмітрый Шульга,
малодшы навуковы супрацоўнік музея-
сядзібы «Пружанскі палацык»