У сераду бягучага тыдня член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч правёў прыём грамадзян, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у Шаняўскім сельвыканкаме. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў трэцяга склікання Дзяніс Цямчык.
— Асабістыя сустрэчы з насельніцтвам выяўляюць праблемныя кропкі. Галоўная задача сенатара — чуць, разумець праблемы і дапамагаць людзям іх вырашаць, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.

У той жа дзень Аляксандр Пішч разам з Мікалаем Кудраўцом і начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандрам Момлікам правёў сустрэчу з калектывам ААТ «Шані-аграпрадукт». На парадку дня былі электаральная кампанія 2025 года, а таксама сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружанскага раёна і Рэспублікі Беларусь у цэлым.
— Для захавання дабрабыту, стабільнага, мірнага і квітнеючага жыцця ў нашай краіне нам неабходна аб’яднаць намаганні і актыўна паўдзельнічаць у важнай палітычнай падзеі роднай Беларусі. Удзел кожнага з нас у выбарах — гэта праверка грамадства на трываласць, магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і рэальна вызначыць шлях развіцця краіны на далейшыя гады. Калі нам неабыякавая будучыня нашых дзяцей, трэба прыйсці і зрабіць адзіны правільны выбар за незалежную Беларусь, за захаванне стабільнасці, нацыянальных каштоўнасцей, міру і спакою, — падзяліўся думкай сенатар.
Вадзім Раўнейка
