Суббота, 5 октября 2024

Такога вы яшчэ не бачылі: унікальная выстава Рамана Бондара «Магія шкла» адкрылася ў «Пружанскім палацыку»

598

«Магія шкла» — пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» пачала сваю працу ўнікальная выстава Рамана Бондара — маладога мастака з Баранавіч. Яго «палатно» — шкло, а «пэндзлі» — малаток і зубіла. Такога ў нас вы сапраўды не бачылі!

Ідэя паэксперыментаваць з біццём шкла прыйшла да Рамана пару гадоў таму, калі пачынаючы мастак заўважыў, што трэшчыны на пабітым лабавым шкле аўтамабіля быццам складаюцца ў абрысы твару. Менавіта на аўташкле і пачаў трэніравацца. Першыя спробы былі не асабліва ўдалымі, але мастак назапасіўся цярпеннем і на працягу двух гадоў пакрокава адточваў тэхніку.

Сёння Раман Бондар стварае эксклюзіўныя работы ў тэхніцы, у якой працуюць усяго толькі з дзясятак чалавек у свеце. На стварэнне адной карціны траціцца ад аднаго дня да аднаго месяца, а важыць твор не менш за шэсць кілаграм.

Падобныя карціны ствараюцца на трыплексе — шматпластовым шкле, бо звычайнае ад удару рассыпаецца на дробныя асколкі. І абавязкова чорнага колеру: на кантрастным фоне «вымалёўваецца» павуцінне тонкіх светлых трэшчынак, якія цудоўным чынам складаюцца ў пазнавальны твар.

Працаваць мастаку даводзіцца на падлозе, на абсалютна роўнай паверхні. Стукаць па шкле трэба акуратна, вывяраючы кожны рух. Часам даводзіцца зрабіць тысячу дробных насечак, каб падоўжыць, напрыклад, скулу ўсяго толькі на сантыметр. А стукнеш ледзь мацней — з‘яўляюцца лішнія трэшчыны, выява знікае.

Для працы неабходны толькі фотаздымак чалавека, чый партрэт «малюецца», аловак, малаток і зубіла. Часам яшчэ бензін: яго пры неабходнасці падпальваюць на шкле, каб разагрэць яго. Тады атрымліваецца трохі іншы эфект разыходжання расколін, мудрагелістыя трохмерныя ўзоры.

На сённяшні дзень Раман Бондар стварыў каля двух дзясяткаў партрэтаў на шкле, якія і прадстаўлены ў палацыку. Паспейце наведаць незвычайную выставу, якая будзе дзейнічаць у нашым музеі да сярэдзіны жніўня.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»