Выстава работ выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава адкрылася ў Пружанскім палацыку.

Адразу папярэджваю знаўцаў мастацтва, што прадстаўленыя на выставе карціны з’яўляюцца копіямі вядомых палотнаў, якія экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На маю думку, лягчэй напісаць сваю арыгінальную карціну, чым зрабіць дакладную копію вядомых мастакоў.
Але работы выкананы так добра, што дакладна перадаюць характар персанажаў, якія глядзяць з палотнаў. Мне, напрыклад, вельмі спадабалася карціна пышнай, у квяцістай сукенцы з такой жа хусткай паўлавапасадскіх майстроў на плячах, румянай маладзіцы. Ад карціны ідзе такая энергетыка, што аж з ног збівае.
А вось энергічнаму хлапчуку, які папрасіў нас адысці і не замінаць яму азглядваць іншую работу, спадабаўся партрэт старога. Юным знатаком мастацтва аказаўся вучань СШ № 1 імя ЧБВА, выхаванец дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Шырмы Андрэй Ярашук. На маё пытанне, чым прывабіў партрэт, Андрэй адказаў, што характарнасцю і бачаннем цяжкасці жыццёвага груза, які на плячах пранёс гэты стары. Разважлівасць хлопчыка мяне вельмі кранула. Не сумняваюся, што гутарыў з будучым знакамітым мастаком. Хай так і спраўдзіцца.

Выстава славутай «глебаўкі» ў нашым горадзе праходзіць не проста так. У дырэктара гэтай навучальнай установы Аляксандра Шантаровіча, які з’яўляецца ўраджэнцам Пружан, узнікла ідэя не толькі больш узбагаціць малую радзіму духоўна, культурна, эстэтычна, але і правесці майстар-клас для дзяцей. І нават не важна, займаешся ты ў школе мастацтваў ці проста цікавішся жывапісам. Галоўнае —абудзіць адчуванне прыгожага, выявіць магчымыя таленты. Раптам тут у нас жывуць будучыя Рэпіны, Шагалы, Малевічы…

Але майстар-клас прайшоў крыху пазней. Спачатку адбылося адкрыццё выставы. Да ўдзельнікаў, а зацікаўленых прыйшло нямала, звярнуўся Аляксандр Шантаровіч, які расказаў аб работах, як яны выконваліся, ці лёгка стаць студэнтам каледжа і многае іншае. Дарэчы, на адкрыцці прысутнічала мама Аляксандра Валер’евіча Ганна Раманаўна. Гэта цудоўная, сціплая жанчына, разам з мужам вырасцілі дастойных дзяцей, усё жыццё працавалі аграномамі ў Белавусаўшчыне. Па словах Ганны Раманаўны, сын добра вучыўся, крыху маляваў, але больш яго цягнула да дакладных навук, напрыклад, матэматыкі. Паспяхова паступіў у Гродзенскі ўніверсітэт, пасля атрымаў і другую вышэйшую адукацыю ў галіне эканомікі. Выкладаў у школе, працаваў ў Міністэрстве адукацыі. Шаснаццаць гадоў таму прапанавалі ўзначаліць Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава. Як тут спалучыліся дакладныя навукі з мастацтвам? Яшчэ школьнікам Аляксандр скончыў музычную школу па класе скрыпкі. Гэта яму аднойчы спатрэбілася. Ён выступаў на адным з канцэртаў. Яго заўважылі і прапанавалі пасаду дырэктара каледжа. Праўду кажуць, што ўменне аперыраваць лічбамі цудоўна спалучаецца з уменнем пісаць добрыя карціны, быць мастаком у душы.
Пачуццё прыгожага адчувалася і тады, калі пачаўся майстар-клас. Аляксандр Валер’евіч з такім захапленнем расказваў аб тонкасцях напісання карцін, што дух займала. Дзеці слухалі лектара ўважліва, з агенчыкам у вачах. Даволі трапна адказвалі на яго пытанні, якія тычыліся тэхнікі малюнка. Затым выкладчыкі каледжа разам са студэнтам другога курса, нашым земляком Аляксеем Протасам, распачалі своеасаблівы пленэр. Яго ўдзельнікам было дадзена заданне намаляваць восеньскі эцюд. Работа закіпела. І вось на лістах ватману з’явіліся першыя рыскі, якія затым пераўтвараліся ў дрэвы, лісцё, лужыны…

Пакідаў гэтае ўзвышанае мастацкае мерапрыемства з добрым настроем і лёгкім восеньскім сумам, не цяжкім, а даволі прыемным.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара