Суббота, 14 ноября 2026

Выстава «Беларуская вышыванка» ветліва адчыніла дзверы ў музеі «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў», і звязана менавіта з беларускім ручніком

603

Для аматараў нацыянальнай самабытнай культуры — гэта сапраўдны падарунак.

Праект знаёміць наведвальнікаў з унікальнымі традыцыямі ткацтва і вышыўкі Ружанскага краю праз творы мясцовых умеліц: Таццяны Леановіч, Раісы Прэдка, Вольгі Левянковай, Ганны Хмялеўскай, Валянціны Якубені.

Пачатак экспазіцыі прадстаўлены саматканымі ручнікамі 20-х, 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэтыя ўнікальныя работы належаць маці і бабулі Таццяны Леановіч (на здымку справа), мясцовай майстрыхе, якая таксама пераняла такое рукадзелле і ўсё жыццё займаецца рознымі відамі вышыўкі.

— На некаторых ручніках бабуля Марыя пакідала першую і апошнюю літары імя, што адрознівала яе работы ад іншых. І гэта не толькі традыцыйны крыжык, але і двухбаковая гладзь. Дома стаялі кросны і яна займалася ткацтвам. Ільняныя вырабы былі вельмі якаснымі, таму і захаваліся да гэтага часу, хоць ім ужо каля 100 гадоў. Потым яна навучыла рукадзеллю маю маці, а яна ўжо мяне. Цэлая дынастыя атрымалася. Гэтыя навыкі ў нас закладзены, мабыць, на генетычным узроўні: мая дачка Алена сама сабе вышыла вясельны ручнік, — падзялілася Таццяна Міхайлаўна.

У другой зоне прадстаўлены больш сучасныя работы з яркімі кветкамі, галубамі як сімвалам сямейнага шчасця, з мноствам адценняў і разнастайнасцю форм. Многія вырабы з яркім арнаментам прызначаны для ўбрання ікон. Паколькі раней людзі не ўмелі пісаць, яны перадавалі свае пажаданні праз арнамент. Чырвоныя геаметрычныя знакі на белым фоне — гэта былі словы-просьбы да прыроды і бога. Калі чалавек умеў чытаць узоры, ён мог адразу зразумець, чаго жадае майстрыха: багацця, здароўя, шчаслівага кахання ці добрага надвор’я для ўраджаю. Напрыклад, праца Вольгі Левянковай «Лебедзі» выканана ў тэхніцы вышыўка бісерам і прызначана да вясельнага рытуалу.

Цэнтральнае месца займае даматканае покрыва з яркай вышыўкай па матывах вядомай карціны Івана Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе». Такія вырабы раней вешалі на сцяну, што сімвалізавала багацце і дастатак у сям’і.

— Беларускі ручнік — гэта не проста кавалак тканіны. Нашы продкі ніколі не ставіліся да яго як да звычайнай бытавой рэчы ці простага ручніка для рук. Гэта было адметнае палатно, якое суправаджала чалавека ад першага дня жыцця да апошняга. На прыгожым ручніку павітуха прымала немаўля. Самыя лепшыя вышытыя палотны рыхтавалі да вяселля. Маладыя станавіліся на ручнік у храме, і гэта звязвала іх лёсы назаўжды. Таксама ручнікамі ўпрыгожвалі чырвоны кут у хаце, дзе віселі іконы. Таму трэба гэту прыгажосць паказваць і расказваць, каб маладыя ведалі старадаўнія традыцыі, зберагалі іх і паважалі, — паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік Вікторыя Юрасава.

Раней кожны ручнік пачынаўся ў полі. Жаночая палова сям’і сама сеяла лён, ірвала яго, вымочвала, часала і прала ніткі. Затым на драўляных кроснах ткалі доўгія белыя палотны. Гэта была вельмі цяжкая праца, таму дзяўчынак вучылі ткаць і вышываць з самага маленства, каб да замужжа прыданае было ўжо гатова. Таму і цаніліся ручныя вырабы, як самыя дарагія.

Жыхары і госці Ружан могуць наведаць экспазіцыю ў выставачнай зале музея на працягу ліпеня і жніўня.

Ірына Велясевіч
Фото аўтара і Кацярыны масік