Чарговае пасяджэнне Пружанскага райвыканкама прайшло напярэдадні, 4 мая.
У яго рабоце прымалі ўдзел намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Мароз, першы намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер РУПЭ «Брэстэнерга» Мікалай Водзіч, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Квасаў.

Па першым пытанні «Аб выніках ацяпляльнага сезона 2022-2023 года і задачах па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2023-2024 года» выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук. Быў дадзены даволі падрабязны аналіз таго, як спрацавалі суб’екты гаспадарання ў ацяпляльны перыяд, названы аб’ектыўныя альбо суб’ектыўныя прычыны аўралаў, адключэнняў, аварый. Было адзначана, што ёсць кацельні, дзе катлы патрабуюць тэрміновай замены, мадэрнізацыі, пераабсталявання. Сяргей Міхайлавіч звярнуўся з просьбай да намесніка міністра аб аказанні дапамогі нашым камунальшчыкам у вырашэнні пытанняў частковай мадэрнізацыі ацяпляльнай гаспадаркі раёна.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падверг рэзкай крытыцы гатоўнасць некаторых арганізацый да ацяпляльнага сезона і запатрабаваў выправіць сітуацыю. Некаторыя не змаглі нават дакументацыю як трэба падрыхтаваць, а значыць, і допуск да ацяплення не атрымалі. Тым самым ледзь не сарвалі пачатак ацяпляльнага сезона ў сваіх арганізацыях. Гэта ў далейшым не дапушчальна.
Па другім пытанні парадку дня: «Аб выніках кіравання прыналежнымі Пружанскаму раёну акцыямі гаспадарчых таварыстваў, выплаце дывідэндаў і ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці адкрытых акцыянерных таварыстваў» — з дакладам выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Ліхтаровіч.

Старшыню райвыканкама цікавіла роля дзяржаўных служачых, якія прадстаўлены ў саветах таварыстваў, у плане іх дапамогі дзейнасці. Было дадзена даручэнне перабудаваць работу ў гэтым плане, каб прадстаўнікі дзяржавы былі карыснымі ў таварыствах, маглі дапамагаць, накіроўваць, тлумачыць, калі патрэбна.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
