Жыць можна па-рознаму. І залежыць, канечне, гэта ад самога чалавека. Адзін проста плыве па цячэнні, не супраціўляючыся нягодам: як ёсць — так і добра, мая хата з краю… Для другога асалода — праз усё жыццё шукаць заганы ў іншых людзях, не зважаючы на тое, што ў самога іх удвая больш. У трэцяга толькі адна мара — каб не перасіліцца ні фізічна, ні маральна: няхай іншыя працуюць, а я буду спажываць…

У любым выпадку куды прыемней сустракацца з людзьмі, для якіх жыццё — гэта асалода ад працы, ад таго, што патрэбны грамадству, з’яўляешся адзіным цэлым са сваёй дзяржавай. Радасна становіцца ад таго, што людзей таленавітых, працавітых, гасцінных можна знайсці ў кожным куточку нашай квітнеючай краіны. Не верыце? Мы, дарэчы, не прыкладаючы вялікіх намаганняў, знайшлі яркі прыклад адказнага, сумленнага і шчырага працаўніка. Нават далёка не ездзілі: завіталі ў ААТ «Шані-аграпрадукт» і там ад душы паразмаўлялі з начальнікам МТК «Каштанаўка» і загадчыцай МТФ «Шубічы» Людмілай Бяловай.
Працоўная дзейнасць Людмілы Аляксандраўны, ураджэнкі вёскі Скорцы, ва ўзгаданай гаспадарцы пачыналася ў 2000 годзе. Колішні кіраўнік сельгаставарыства Васіль Іванавіч Сарока ўзяў яе цялятніцай, а мужа Андрэя Анатольевіча — механізатарам (дарэчы, ён таксама працуе ў ААТ «Шані-аграпрадукт» па дзень сённяшні). Сям’я ў 2004 годзе атрымала ў аграгарадку Шані дом прысядзібнага тыпу, які з часам прыватызавала і ўладкавала на свой густ і лад.

Добрага працаўніка бачна здалёк: калі работа заўсёды выканана своечасова і якасна, калі не сыплюцца скаргі на нялёгкія ўмовы працы, а наадварот, бачна ў вачах заўсёдная радасць і задаволенасць зробленым. Вось і наступны дырэктар ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандр Камінскі змог разгледзець патэнцыял у Людміле Бяловай. Таму ў 2017 годзе жанчына ўзначаліла малочна-таварную ферму «Шубічы». Ці лёгка даўся пераход з адной працы на другую? Ды ў жыцці проста так нічога не даецца. Але Людміла Аляксандраўна змагла хутка перакваліфікавацца і паказаць сябе кіраўніком справядлівым, які можа не толькі патрабаваць, але і дапамагчы. Каб адпавядаць пасадзе, якую займала, завочна скончыла УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж» па спецыяльнасці «Заатэхнія».
На дадзены момант МТФ «Шубічы» — лепшая ў сельгаставарыстве. Сярэднясутачны надой ад каровы складае 29 кг. Калі браць за дзевяць месяцаў 2023 года, то надаілі па 7255 кг. Да канца года плануюць выйсці больш чым на 9000 кг. Канечне, самой дамагчыся такога рэзультату было б немагчыма, калі б не першыя памочнікі — жывёлаводы і аператары машыннага даення фермы. Зладжаная работа заўсёды прыносіць плён.

Малайчына, выбудавала работу калектыву МТФ такім чынам, што кожны адчувае сябе на роўных правах і не забывае пра абавязкі. Дык чаму ж не даручыць Людміле Аляксандраўне яшчэ і МТК «Каштанаўка» на 400 кароў? Так разважыў цяперашні дырэктар гаспадаркі Аляксандр Якімавец. І не прагадаў. У Людмілы Бяловай запалу хапае і на дзве пасады, усюды паспявае, нічога не выпускае з-пад кантролю. І скаргаў на сваю работу ніякіх не мае ні ад кіраўніцтва сельгаставарыства, ні ад падначаленых. Сапраўдны прыклад самаадданай працы. Як кажуць, менш слоў — больш справы. А справы на комплексе ідуць нядрэнна: усё малако здаецца гатункам «экстра», па выніках года ад каровы таксама мяркуюць атрымаць за 9000 кг.
Але ж і свайму, асабістаму, павінна быць месца ў жыцці. Сын Яўген, дачка Ганна і, канечне, унук Давід — гэта тыя іскрынкі для Людмілы Аляксандраўны, якія не даюць згаснуць дамашняму ачагу сям’і Бяловых. А калі гарыць агонь — значыць будзе ўтульнасць, цяпло і пяшчота.

Ці патрэбна шкадаваць пра тое, што ўжо зроблена? Пытанне дзесьці рытарычнае. Але для Людмілы Бяловай тут і разважаць няма пра што. Кажа: «Ні аб чым не шкадую, я на сваім месцы і са сваімі людзьмі». Чым не прыклад сапраўднага жыцця?
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
