
Праца робіць высакародным любога чалавека. Яна кожнаму дае магчымасць праявіць усе свае таленты, папоўніць рады сумленных грамадзян сваёй краіны. А вось прывучацца прыносіць карысць сабе і людзям трэба калі не з самага дзяцінства. Спачатку прыкладам служаць бацькі, потым падключаецца школа, а ў падлеткавым узросце ўжо і сам вырашаеш паспрабаваць свае сілы ў нейкай справе. Размова ідзе пра студатрады, у якія штогод заклікае раённая арганізацыя ГА «БРСМ».
Бягучы год не стаў выключэннем. Адметна, што падлеткі праяўляюць непадробнае жаданне хоць на некаторы час уліцца ў слаўныя рады працаўнікоў, у тым ліку і сельскіх работнікаў, і праявіць сябе. Сярод першых навучэнцы СШ № 3 г. Пружаны.
Гасцінна сустрэлі ў гэтую сераду дзевяць васьмікласнікаў у ААТ «Айчына-Агра». Дарэчы, студатрад вышэйназванай навучальнай установы ў мінулым годзе ўжо працаваў у гаспадарцы: дапамагалі збіраць бульбу і засталіся задаволенымі і прыёмам, і самастойна заробленымі грошамі.
Асноўныя віды работ сёлета — правядзенне відавой праполкі сельгаскультур і падрыхтоўка складскіх памяшканняў да прыёму ўраджаю 2026 года. Быццам бы і нескладана, але любая праца патрабуе засяроджанасці, адказнага стаўлення і захавання строгіх правіл тэхнікі бяспекі. Каб не здарылася непрадбачаная сітуацыя, за хлопчыкамі і дзяўчынкамі пільна сочаць працуючы з імі камандзір атрада Аксана Казлоўская, а яшчэ аграном гаспадаркі Алена Кот.
Працягласць дзейнасці студатрада — 10 дзён, за выключэннем выхадных. Дастаўку і адвоз забяспечвае мікрааўтобусам сельгаставарыства. Рабочы дзень пачынаецца так, што выспацца ў юных байцоў хапае часу. Папрацавалі да перапынку падсілкавацца, тут жа мабільная дастаўка смачнага і каларыйнага абеду. І пасля яшчэ дзве гадзіны прадуктыўнай дзейнасці. Рабочы дзень непрацяглы, але трэба ўлічваць і ўзрост памочнікаў. Ды і галоўная задача яшчэ і ў тым, каб паказаць, што на вёсцы таксама можна годна жыць, заахвоціць маладое пакаленне да працы на зямлі, раскрыць усю прыгажосць беларускіх краявідаў.
Усе прафесіі важныя, усе заслугоўваюць павагі і годнага стаўлення. У тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, самае важнае — навучыцца працаваць з аддачай і заставацца заўсёды чалавекам.
Што для вас азначае студатрадаўскі рух?
Яна:
— Гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў нечым новым, у дадзеным выпадку, у сельскай гаспадарцы. Падыхаць свежым паветрам. І, канечне, зарабіць рублёў на сваю мару: вельмі ж хочацца завесці сабе коціка.
Мацвей:
— Адна справа — браць грошы ў бацькоў, і зусім іншая — самому іх зарабіць. Адчуць, ці лёгка яны даюцца? А яшчэ гэта цудоўная магчымасць правесці час з сябрамі, адпачыць душой.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі
