Разам з іншымі школьнымі дысцыплінамі жыццёва важна ведаць і Правілы дарожнага руху. І хаця выпускныя экзамены па гэтым прадмеце не здаюць, «дарожныя» выпрабаванні суправаджаюць кожнага практычна ўсё жыццё. Таму штогод у раёне пад патранажам Дзяржаўтаінспекцыі праводзяцца спаборніцтвы сярод юных інспектараў дарожнага руху, на якіх школьныя каманды паказваюць набытыя веды і практычныя ўменні.

Бягучы год не стаў выключэннем: у сёлетніх выпрабаваннях, якія ў мінулую суботу прайшлі на базе СШ № 5, прынялі ўдзел 16 каманд. Гэта абсалютны рэкорд па колькасці ўдзельнікаў, які нават пераўзышоў мінулагодні паказчык, калі на спаборніцтвы прыехалі 15 каманд.

Юныя інспектары рыхтаваліся цэлы год, каб за некалькі гадзін прадэманстраваць свой спрыт і веданне тэорыі. Вось толькі цяперашнія вынікі здзівілі нават пастаянных удзельнікаў. Традыцыйна юідаўцы павінны былі набраць найменшую колькасць балаў у пяці відах выпрабаванняў. І трэба адзначыць, што многім удалося паказаць сапраўдны «клас». Напрыклад, у тэарэтычным экзамене на веданне ПДР, у якім удзельнічалі ўсе члены каманд, быў прадэманстраваны даволі высокі ўзровень ведаў. Некаторыя юныя інспектары настолькі здзівілі начальніка раённага аддзялення ДАІ Сяргея Мышкевіча, што, па яго меркаванні, хоць сёння ім можна было выдаваць вадзіцельскія пасведчанні.

Не менш цікава прайшоў і творчы этап «Навучальная (пазнавальная) праграма», у якім школьнікі з акцёрскім майстэрствам расказалі пра неабходнасць ведання Правілаў, для чаго гэта патрэбна дзецям і дарослым у паўсядзённым жыцці. Як і ўменне аказаць першую даўрачэбную дапамогу пацярпелым, што пракантралявала прадстаўнік раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Лелікоўская.

Найбольш складанымі аказаліся практычныя іспыты, падчас якіх нельга было дапускаць памылак пры пераадоленні «паласы перашкод» на веласіпедзе. Тут спатрэбілася віртуознае валоданне двухколавым транспартам, за чым строга сачыў старшы дзяржаўтаінспектар Павел Фядун. На жаль, не ўсім удалося ідэальна справіцца з практыкай, што і ўнесла карэктывы ў сёлетнюю табліцу прызёраў.
Які год запар сваё майстэрства ўдалося пацвердзіць юідаўцам з Хараўской СШ, якія, як і ў папярэднія гады, узняліся на вышэйшую прыступку п’едэстала спаборніцтваў. А вось былых сярэбраных і бронзавых прызёраў пацяснілі іншыя ўдзельнікі: другое і трэцяе месцы занялі каманды з Кляпацкай і Шаняўской школ.

Пераможцам і лепшым удзельнікам ад арганізатараў мерапрыемства – аддзялення ДАІ і аддзела па адукацыі райвыканкама пры фундатарскай падтрымцы ААТ «Мурава» – былі ўручаны каштоўныя падарункі. Абсалютных пераможцаў раённага этапу чакаюць занальныя спаборніцтвы.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
