Вторник, 19 мая 2026

Віншаванні з нараджэннем дачушкі ад «Беларускага саюза жанчын» прымала Анастасія Таразевіч з Муравы

674

Нараджэнне новага жыцця — гэта заўсёды шчасце, асабліва для маладых матуль. Якраз да Тыдня бацькоўскай любові і Дня маці ў Пружанскім радзільным доме на свет з’явілася маленькае цуда, дзяўчынка Вікторыя, што з лацінскага азначае «пераможца». У сям’і Таразевічаў з аг. Мурава гэта трэцяе дзіця. Двое старэйшых Паліна і Максім з нецярпеннем чакалі сястрычку, і маці Анастасія зрабіла ўсяму сямейству яшчэ адзін падарунак. З гэтага моманту сям’я ўвайшла ў катэгорыю шматдзетных з усімі выплатамі і льготамі.

У Рэспубліцы Беларусь падтрымка сям’і — нацыянальны прыярытэт. Кіраўнік дзяржавы заўсёды падкрэслівае важнасць і значнасць сямейных традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей, якія фарміруюць цэласную асобу, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Для падтрымкі сем’яў з дзецьмі рэалізуецца комплекс мер з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя: выплата дапамог, прадастаўленне сямейнага капіталу, дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля і г.д.

Шматдзетныя сем’і не застаюцца без увагі і з боку грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку «Беларускага саюза жанчын».

Цяпер ужо шматдзетная матуля Анастасія Таразевіч і яе дачушка Вікторыя прымаюць віншаванні.

— Мы вельмі рады кожнай такой падзеі ў нашым радзільным доме, асабліва калі нараджэнне дзіцяці адбываецца напярэдадні або ў дзень вялікіх свят. Таму вырашылі правесці акцыю і павіншаваць матуль не толькі кветкамі, але і наборам неабходных для дзяцей прылад з першых дзён іх жыцця. Гледзячы на шчаслівыя вочы маці, дакладна разумеем, што ўсе нашы старанні не марныя. Вельмі важна быць неабыякавым адзін да аднаго, удзельнічаць у жыцці кожнай сям’і. І чым больш нас будзе, тым мацнейшымі мы станем. Самае галоўнае — каб наша нацыя павялічвалася, заставалася маладой і здаровай, — падкрэсліла старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка.

У гэты дзень Анастасія Таразевіч радасць мацярынства адчула ўсім сэрцам. Для маладых матуль трэба так мала — толькі ўвага і клопат, астатняе яны зробяць самі.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік