Дзякуй за падтрымку! А яе лішняй ніколі не бывае. Нават добрае слова часам робіць цуды, натхняе чалавека на новыя здзяйсненні, надае жаданне рухацца наперад. Яшчэ гэта можа быць навукова-метадычная і экспертная падтрымка, калі размову весці пра ўстановы адукацыі, у тым ліку і прафесійнага кірунку. Ніхто не адмовіцца і ад новай тэхнікі, такой неабходнай для практычных заняткаў навучэнцаў.

Вельмі дарэчы для Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа быў падарунак ад ДУА «Акадэмія нацыянальнай адукацыі». Рэспубліканская ўстанова закупіла 76 адзінак тэхнікі на Мінскім трактарным заводзе. І на мінулым тыдні 28 «Беларусаў-1523.3» ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны прадстаўнікам розных спецыялізаваных устаноў краіны. Сярод шасці шчасліўчыкаў Брэстчыны аказаўся і наш каледж.
Пачэсная місія з горда лунаючым Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь даставіць новенькі трактар на Пружаншчыну выпала майстру вытворчага навучання Аляксандру Ніканчуку. З чым ён паспяхова і справіўся.
Гэта сапраўдная лабараторыя на колах. Цяпер маладыя хлопцы і дзяўчаты змогуць не проста вучыцца кіраванню тэхнікай. А яшчэ апрабаваць сучасную навігацыю, якая ўключае ў сябе і элементы дакладнага земляробства. На сёння паўсюдна ўкараняюцца новыя тэхналогіі, прызваныя аблегчыць працу сельскага працаўніка. Таму ідзём у нагу з часам, а недзе і апераджаючы яго.
Не баімся рабіць дабро. Бо яно ў любым выпадку вернецца да нас удвая большымі шчодрасцямі. Можа, паспрабуем?
Вадзім Раўнейка
На здымку: Цяпер, як гаворыць майстар вытворчага навучання Аляксандр Ніканчук, заняткі выйдуць на новы ўзровень.
Фота Руслана Басака
