
Напярэдадні Вялікадня ў гарадской бібліятэцы па вул. Інтэрнацыянальнай адкрылася выстава выцінанкі «Велікодныя ўзоры» Наталлі Іванцовай, прысвечаная вялікаму хрысціянскаму святу.
Адзін са спосабаў парадаваць блізкіх — зрабіць падарунак сваімі рукамі. Наталля самастойна асвоіла тэхніку выцінанкі і спачатку так і рабіла. А зараз працягвае ўдасканальваць майстэрства і перадае свае ўменні і навыкі юным наведвальнікам гуртка «Творчы мікс», у якім займаецца 15 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.
Эскізы будучых выцінанак Наталля бярэ ў інтэрнэце, а затым скрупулёзна, крок за крокам, з дапамогай канцылярскага нажа і скальпеля выразае патрэбныя формы. На выраб больш складаных узораў можа патрабавацца тры гадзіны, а простыя выразаюцца ўсяго за 20-30 мінут.
— Вядома, у любой справе, нават самай цікавай, павінна быць жаданне дайсці да канца. А гэтае захапленне патрабуе ўседлівасці і цярпення, інакш нічога не атрымаецца. На выраб выставачных работ пайшло прыкладна тры месяцы. Але калі ты бачыш вынік сваёй працы, а прыгажосць, створаная тваімі рукамі, выклікае захапленне і ўсмешкі навакольных, тады разумееш — час быў патрачаны недарма, — дзеліцца ўражаннямі Наталля. — Адразу ўздымаецца настрой і гэтым станам хочацца падзяліцца з іншымі.
На выставе прадстаўлена 15 работ. І кожная з іх, як лёгкая пярынка, з непаўторнымі формамі і незвычайнымі ўзорамі. Але лепш адзін раз убачыць на свае вочы, чым сто разоў пачуць ці проста пагартаць фатаграфіі. Акунуцца ў свет прыгожага можна будзе да 25 красавіка.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
