
Асаблівая форма дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў у Беларусі, у рамках якой кожная сям’я, якая адважваецца на трэцяе (ці больш) дзіця, атрымлівае важкую аднаразовую грашовую выплату — мацярынскі капітал. Пры гэтым не мае значэння, было дзіця народжанае або ўсыноўленае.
Мацярынскі капітал ці, як яго яшчэ называюць, сямейны, быў уведзены ў Беларусі з 2015 года Указам № 572 ад 9 снежня 2014 г. «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія вы-хоўваюць дзяцей». Першапачаткова меркавалася, што праграма будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года, аднак пазней, у верасні 2019 года, яна была працягнута да 31 снежня 2024 года Указам № 345 «Аб сямейным капітале». А напрыканцы мінулага года па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тэрмін дзеяння яшчэ падоўжыўся да канца 2029 года.
Як атрымаць сямейны капітал?
Мацярынскі капітал налічваецца ў беларускіх рублях, а яго сума штогод індэксуецца з улікам інфляцыі.
Каб атрымаць гэтую дзяржпадтрымку, хаця б адзін з бацькоў павінен быць грамадзянінам Беларусі і пастаянна пражываць на тэрыторыі нашай краіны. Таксама ён павінен быць бацькам або ўсынавіцелем як мінімум траіх дзяцей, якім на момант атрымання капіталу няма 18 гадоў.
Калі бацькі ў разводзе, тады дзіця будзе ўлічвацца толькі ў адной сям’і — той, дзе фактычна пражывае і выхоўваецца пасля разводу. У сям’і другога з бацькоў дадзенае дзіця не можа быць улічана паўторна. Калі бацькі не нясуць адказнасці за сваіх дзяцей — напрыклад, у выпадку пазбаўлення бацькоўскіх правоў — на сямейны капітал прэтэндаваць не атрымаецца.
Як выкарыстаць дзяржаўную падтрымку?
Сродкі, якія сям’я атрымлівае ў якасці сямейнага капіталу, маюць строга мэтавае прызначэнне. Іх можна выкарыстаць пасля паўналецця дзіцяці на:
— паляпшэнне жыллёвых умоў любога члена сям’і;
— навучанне любога з членаў сям’і;
— лячэнне: пэўнага віду стаматалагічныя паслугі, а таксама паслугі ў галіне анкалогіі, артапедыі, кардыяхірургіі і на набыццё тавараў, прызначаных для рэабілітацыі інвалідаў;
— аплату сацыяльнага абслугоўвання любога члена сям’і;
— фарміраванне накапляльнай пенсіі маці ў поў-най сям’і або аднаго з бацькоў — у няпоўнай.
Датэрміновае выкарыстанне
Выкарыстоўваць грошы датэрмінова таксама магчыма, але тут пералік выпадкаў абмежаваны:
— паляпшэнне жыллёвых умоў — напрыклад, пакупка або будаўніцтва жылля, абслугоўванне і пагашэнне жыллёвага крэдыту;
— плата за сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю любога члена сям’і ў дзяржаўнай установе адукацыі;
— лячэнне любога члена сям’і: пэўнага віду стаматалагічныя паслугі, а таксама паслугі ў галіне анкалогіі, артапедыі, кардыяхірургіі і на набыццё тавараў, прызначаных для рэабілітацыі інвалідаў.
Каб скарыстацца сямейным капіталам, трэба звярнуцца ў райвыканкам і атрымаць там дакумент, які пацвярджае права на выкарыстанне сродкаў.
Звярніце ўвагу, што сродкі сямейнага капіталу нельга захоўваць на дэпазіце вечна, калі своечасова імі не скарыстацца, яны вернуцца ў бюджэт. На падачу ў выканкам заявы аб выкарыстанні сямейнага капіталу адводзіцца 3 гады з моманту паўналецця дзіцяці, пры нара-джэнні/усынаўленні якога капітал быў выдзелены. А на выкарыстанне сродкаў — 5 гадоў з моманту паўналецця дзіцяці.
Колькі шматдзетных сем‘яў скарысталіся дзяржаўнай падтрым-кай у 2024 годзе?
На 1 снежня 2024 г. прынята рашэнне райвыканкама аб назначэнні сямейнага капіталу 50 сем’ям. Датэрмінова скарысталіся сямейным капіталам 49 сем’яў, з іх 37 — на паляпшэнне жыллёвых умоў, 7 сем’яў — на навучанне і на медыцынскія (стаматалагічныя) паслугі — 5 сем’яў.
Сямейны капітал — важкая матэрыяльная падтрымка, скарыстацца якой можа кожная шматдзетная сям’я. Галоўнае — выканаць усе правілы, устаноўленыя заканадаўствам.
Ірына Велясевіч