Берагі вадаёмаў, якія афіцыйна вызначаны месцам адпачынку падчас купальнага сезона, хутка запоўняць аматары пакупацца і пазагараць. І неабходна забяспечыць усе ўмовы, каб падобны адпачынак ля вады быў бяспечным для дзяцей і дарослых. Пры стварэнні адпаведнай інфраструктуры напярэдадні адкрыцця купальнага сезона праводзіцца і абследаванне дна акваторый, якое выконваюць вадалазы Кобрынскай выратавальнай станцыі.

Як расказвае старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Юрый Амельянчук, задача вадалазаў – сабраць смецце якое сабралася на дне вадаёмаў за мінулы купальны сезон. І іх справа вельмі неабходная з улікам таго, што пакідаюць у вадзе грамадзяне.
– За дзень мы абследавалі на Пружаншчыне ўсе 10 зон для купання, устаноўленых рашэннем райвыканкама, – паведамляе Юрый Міхайлавіч, якога разам з вадалазамі напрыканцы мінулага тыдня мы засталі на гарадскім басейне. – Па самых сціплых падліках было сабрана каля тоны небяспечнага смецця.
Тым часам выратавальнік-вадалаз якраз пагружаецца ў ваду. Абследуецца акваторыя вадаёма каля зробленага на ім пляжа. Пры пагружэнні спецыяліст мае з сабой мяшок, куды складзіруе сабраныя бутэлькі, бляшанкі, рэшткі рыбалоўных прылад. Галіны і камяні ён выкідвае на бераг. Варта адзначыць, што кожны пляж абсталюецца і кантэйнерамі для збору смецця. Вось толькі не ўсе адпачываючыя ведаюць, што такое цывілізацыя і павага да навакольных.

Гэтыя «падводныя экспедыцыі» пацвярджаюць, што нашаму грамадству яшчэ трэба вучыцца правільным паводзінам. Асабліва тым, хто адпачывае на гарадскім возеры і басейне. Менавіта тут сабрана больш за ўсё смецця. Чысцей за ўсё было на дне вадаёма ў г.п. Шарашэва і ў зоне купання санаторыя «Ружанскі» на возеры Паперня.
Безумоўна, мы не ўстрымаліся ад пытання, якое часта нам адрасуюць нашы чытачы: чаму падобныя абследаванні не праводзяцца на іншых азёрах ці рэках Пружанскага раёна? Як расказалі спецыялісты Кобрынскай выратавальнай станцыі, падобныя мерапрыемствы патрабуюць істотнай падрыхтоўкі вадалазаў, выкарыстання спецыяльнага абсталявання і транспартных выдаткаў. У выніку «набягае» даволі адчувальная сума. У прыватнасці, абследаванне некалькіх дзясяткаў квадратных метраў акваторыі басейна будзе каштаваць каля 400 рублёў. На іншых вадаёмах выніковыя траты могуць набліжацца да 600 ці 800 рублёў. Пасля абследавання складаецца адпаведны акт, і гэты дакумент накіроўваецца тым арганізацыям, якія адказваюць за стан месцаў для купання. У тым ліку і аплочваюць падрыхтоўчыя выдаткі, і, паверце, яны даволі адчувальныя. Таму, калі на беразе заўважылі шыльду з папярэджаннем «Купанне забаронена», то трэба разумець, што лезці ў ваду тут небяспечна, бо вадалазы не ачысцілі дно акваторыі.

Пра гэта асабліва нагадаў старшыня раённага ТВВАД Юрый Амельянчук. І запрасіў бацькоў пільна кантраляваць адпачынак іх дзяцей, каб пазбегнуць трагічных выпадкаў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
