Понедельник, 21 апреля 2025

Вада — будзе?

559

У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка аграгарадка Шані Тамара Ганчарова з просьбай звярнуць увагу праз нашу газету на стан вады ў іх пасёлку. Вада настолькі ржавая, што не спраўляюцца нават фільтры, выходзяць са строю бытавая тэхніка і сантэхпрыборы, а пра ўжыванне нават і гаворкі няма. З гэтай праблемай паўгода таму вяскоўцы звярталіся ў КУВП «Камунальнік» і да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Юрыя Наркевіча. Увогуле, усе ў курсе справы, і абяцалі выправіць сітуацыю напачатку года. Жыхары аг. Шані хвалююцца, каб пра іх не забылі. Паколькі праблема дастаткова вострая, мы адразу звярнуліся да кіраўніцтва прад-прыемства. і вось што нам расказалі.

Станцыя абезжалезвання вады ў Шанях пабудавана ў 2007 годзе і на працягу прыкладна 13 гадоў працавала без збояў. Аднак нагрузка настолькі вялізная, што за гэты час яна выпрацавала свой рэсурс. Купіць фінскае абсталяванне, як раней, з-за санкцый зараз няма магчымасці. І было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі станцыі ўжо з беларускай загрузкай на аснове крэмніевага пяску, але на гэта патрэбен час. Ад пачатку правядзення работ на станцыі да яе запуску неабходна прыкладна тры месяцы.


— Мы заручыліся фінансавай падтрымкай абласнога ўпраўлення ЖКГ і летась ужо была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне неабходных работ, кошт якіх складае 168 тысяч рублёў. У хуткім часе спецыялісты пачнуць комплексную мадэрнізацыю станцыі, — падкрэсліў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталь Казлоў.


Па інфармацыі прадпрыемства неабходнасць такіх станцый у раёне аргументуецца вельмі проста — перавышэнне норм утрымання жалеза ў вадзе, норма канцэнтрацыі якога складае — 0,3 мг/л. У Пружанскім раёне гэтыя паказчыкі моцна адрозніваюцца. У некаторых месцах могуць складаць 0,5 мг/л, а недзе нават і 1 мг/л, што значна перавышае дапушчальную норму. Безумоўна, гэта стварае вялікія нязручнасці жыхарам раёна, для якіх глыток чыстай вады — залог здароўя, спакою і дабрабыту.


Дарэчы, летась у Пружанскім раёне пабудавалі дзве станцыі абезжалезвання вады — у Роўбіцку і Зіновічах. У гэтым годзе плануецца ўзвесці такія аб’екты ў Мураве, Янаўшчызне, Варанілавічах, міні-станцыю ў Аранчыцах.


Ірына Велясевіч