Среда, 19 августа 2026

В Пружанском районе прошла выездная сессия Брестского областного Совета депутатов двадцать девятого созыва

439

Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што на працы сельскіх жыхароў трымаецца ўся краіна, а развіццё вёскі з’яўляецца закладам харчовай бяспекі і захавання характару нацыі. Таму патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб жылося там прывольна і не было вялікага размежавання з горадам. Людзі на вёсцы заслужылі ўвагі на самым высокім узроўні.

Таму першая частка важнага мерапрыемства была аддадзена азнаямленню з жыццём нашых вяскоўцаў. Пільная ўвага была скіравана на гандлёвае абслугоўванне. Заўсёды бачыць людзей і жыць іх клопатамі — такі пасыл прагучаў ад старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Марыны Кавалеўскай. Наш раён прадстаўлялі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Кацярына Папко і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вярэха.

Першы пункт прыпынку — аг. Харава, магазін Пружанскага райспажыўтаварыства. Што зроблена для дабрабыту вяскоўцаў, расказаў старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Дзмітрый Карпей. У раёне стараюцца трымаць гандлёвыя кропкі ў сельскай мясцовасці, праводзіцца іх мадэрнізацыя, робіцца касметычны рамонт. Але, на жаль, ёсць населеныя пункты, у якіх жыхароў налічваецца вельмі мала. Таму туды ўсё неабходнае дастаўляецца 7 аўтамагазінамі, пры жаданні можна штосьці і заказаць, і ў наступны раз абавязкова прывязуць. Што да асартыменту, то можна было на свае вочы пабачыць: бяры, што душа пажадае, нічым ад горада не адрозніваецца, любога гурмана задаволіць, памяшканне абсталявана на сучасны лад, прыветныя прадаўцы, якія гатовы падказаць і расказаць пра прадукцыю.

Каб добра жыць, патрэбна годную заработную плату мець. У тым ліку і аб гэтым гаварылі пры наведванні ТАА «Экалагічныя матэрыялы», якое размяшчаецца ў в. Аранчыцы. Па словах кіраўніка прадпрыемства Андрэя Басака, на дадзены момант работнікі (а іх 87 чалавек) у сярэднім атрымліваюць 2600 рублёў. А займаюцца тут вырабам какосавых матаў для напаўнення матрацаў. На Беларусь даводзіцца 20 % вырабленай прадукцыі, астатняя адгружаецца на Расійскую Федэрацыю. Адметна, што канкурэнтаў таварыству ў нашай краіне няма. Так што застаецца развівацца і памнажаць сваё фінансавае становішча.

У аг. Шані ўсіх гасцінна сустракала старшыня сельвыканкама Ірына Бяляева. Яна ад душы вітала гасцей. І з задавальненнем расказала, што ў населеным пункце ёсць усё для камфортнага жыцця, праведзены газ. Ідзе шчыльнае ўзаемадзеянне з мясцовым таварыствам «Шані-аграпрадукт». Сапраўды, усюды бачна рука гаспадара, маецца дзіцячая пляцоўка, прама каля магазіна ўсталяваны лавачкі для адпачынку, функцыянуе нават фантан. Дарэчы, гандлёвая кропка райспажыўтаварыства таксама адпавядае ўсім нормам. Прыгожы знешні выгляд, асартымент на ўзроўні.
Сустрэліся і з аўталаўкай у в. Шубічы. Ну, не скажаш, што тут не хапала тавараў. Не супермаркет, але забяспечыць сябе прадуктамі можна адназначна. На месцы карта маршруту, на кожным тавары маецца цэннік. І час дастаўкі таксама вытрымліваецца.

Пасля пераезду ў горад удзельнікі сесіі наведалі Пружанскі палацык, усклалі кветкі да помніка «Спаленым вёскам». Мы павінны помніць пра Вялікую Айчынную вайну, каб не дапусціць такога ў будучым. Імкнуцца толькі да міру, каб наша краіна ніколі не зведала разрухі і чалавечых ахвяр. І свята ўшаноўваем тых, хто цаной свайго жыцця даў магчымасць бачыць светлае неба над галавой і дыхаць гаючым беларускім паветрам.

Заключная частка — пленарнае пасяджэнне, якое прайшло ў вялікай зале райвыканкама. У фармаце відэаканферэнцыі ў ім прынялі ўдзел намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Брылевіч, рэгіёны Брэстчыны і асабіста старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Падчас пасяджэння вялася канструктыўная размова аб сумеснай рабоце галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама і органаў мясцовага кіравання і самакіравання Брэсцкай вобласці па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. Таксама спыніліся на эфектыўнасці прымаемых мер па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. Рашэнні па ўсіх пунктах былі прыняты адзінагалосна.

Не быць абыякавым сузіральнікам таго, што адбываецца ў тваёй краіне. Усімі сіламі старацца дзеля дабрабыту суайчыннікаў. Калі кожны возьмецца за добрыя справы, хоць і невялікія, то ў выніку атрымаецца дасягнуць вяршыні дабрабыту, шчасця і ўзаемаразумення людскога.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік

Больше фото тут