Спецыялісты папярэджваюць пра новы спосаб махлярства, які зараз распаўсюджваецца ў тэлефонных месенджарах.
Фішынгавыя спасылкі рассылаюцца пад выглядам звычайных паштовак у WhatsApp. Пакуль заўважаны толькі ў гэтым месенджары, але не выключана, што «навінка» з’явіцца і ў іншых. Клікнуў на малюначак, парадаваўся мінуту, а тым часам тэлефон выгружае з сябе каштоўную інфармацыю.
Усярэдзіне gif-файлаў зашыты шкоднасны код ці спасылкі на сайты, якія крадуць асабістыя дадзеныя, банкаўскія рэквізіты і паролі ад акаўнтаў. Дастаткова клікнуць адзін раз — і ўсе звесткі пра вас паляцяць ашуканцам.
Рэкамендацыя, як супрацьстаяць аферыстам, даволі простая. Трэба адключыць аўтазагрузку малюнкаў, а таксама рэгулярна абнаўляць праграмнае забеспячэнне прылады. Абнаўленні ўхіляюць магчымыя рызыкі на тэлефонах, якія шкоднасныя праграмы могуць выкарыстоўваць для таго, каб красці ці дазагружаць патэнцыйна небяспечныя модулі.
Ну і, вядома ж, не варта бяздумна клікаць малюначкі, паштоўкі ад невядомых нумароў. І не рассылаць іх у месенджарах. Многія часта перасылаюць усім запар атрыманыя малюнкі, нават не задумваючыся пра наступствы.