
Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння запрашае нас паглядзець на кожнага чалавека, а асабліва на сям’ю, як на бясцэнны дар з неба. Сын Божы — абяцаны Адкупіцель — прыходзіць у гэты свет, каб вярнуць яму надзею на вечнае збаўленне, умацаваць веру, навучыць безумоўнай любові і ўзаемнай зычлівасці як фундаментальнай запаведзі, на якой грунтуюцца «ўвесь Закон і Прарокі» (гл. Мц 22, 40).
Няхай Хрыстос — святло свету — увойдзе ў кожны наш дом, каб рассеяць цемру непаразуменняў і слабасцяў. Няхай Бог Адкупіцель, які пажадаў аб’явіцца гэтаму свету праз дар Дзіцяці і Святой Сям’і, напоўніць душу кожнага чалавека цеплынёй той незямной любові, якая праменіцца з таямніцы віфлеемскіх ясляў. А нязгаснае ззянне Віфлеемскай зоркі няхай асвятляе кожны шлях і найлепшыя планы на будучыню.
Жадаю кожнаму з вас перажыць невыказную радасць асаблівай сустрэчы з Хрыстом, які прыходзіць, каб быць «Богам з намі» (гл. Ап 21, 3). Зычу, каб калядныя дні радасці і надзеі на парозе новага, 2025 года ўмацавалі ўсіх нас той непахіснай надзеяй на перамогу дабра, справядлівасці і любові, якая напаўняла сэрцы Святой Сям’і з Назарэта, віфлеемскіх пастушкоў і святых анёлаў — веснікаў новага часу.
Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго! Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі
Пінск, Божае Нараджэнне, 2024 г.
