
Жыць патрэбна годна, пры любых абставінах. Вельмі пажадана стварыць сям’ю, працягнуць свой род дзеткамі. Не лішнім будзе і дрэва пасадзіць. І, канечне, быць уладаром на сваёй зямельцы, аберагаць яе, цаніць родны куточак, ашчадна адносіцца да ўсяго жывога. Гэтаму і садзейнічае штогадовы рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» пад эгідай БРСМ, раённы этап якога ў мінулую суботу прайшоў у г.п. Шарашэва, на плошчы Фіміна.
На пачатку хацелася б зазначыць, што падчас мерапрыемства можна было наведаць кірмаш, які быў наладжаны тут жа, набыць адзенне, абутак, купіць салодкія клубніцы, прыгожыя кветкі, сельгас-інвентар, куранят і качанят. Быў прадуманы і прадуктовы гандаль, наладжаны райспажыўтаварыствам і індывідуальным прадпрымальнікам з Брэста. Таму галоднымі госці свята не засталіся.
Сем сельсаветаў прадставілі маладыя сем’і з дзеткамі, адно задавальненне было глядзець на нацыянальныя ўборы, якія найлепшым чынам падкрэслівалі нашу беларускую каларытнасць і непаўторнасць.
Першым да ўдзельнікаў раённага этапу звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама, галоўны суддзя Руслан Супрыновіч і пажадаў ім толькі пазітыўнага настрою, чэснай барацьбы і ўпэўненасці ў сваіх сілах. І нагадаў прысутным, што Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку заўсёды хвалюе пытанне жыцця маладых людзей на вёсцы, ён робіць усё для таго, каб жылося там прывольна і цікава, не было вялікага разрыву з горадам.
Пасля знаёмства з сем’ямі і жараб’ёўкі наступіў час самага смачнага конкурсу «Сардэчна запрашаем да нас». Падчас яго журы і госці свята знаёміліся з падворкамі, частаваліся неверагоднымі стравамі. А таксама былі сведкамі таго, як тата і матуля з сынамі і дочкамі прадстаўлялі сваю дружную сям’ю з песнямі, вершамі. Дарэчы, аб накрытых сталах. Такога багацця рэдка дзе ўбачыш! Тут вам і каўбаскі, і сала з цыбуляй, піражкі з розным начыннем, караваі, блінцы, духмяныя пірагі, канечне, куды ж без бульбачкі! Пералічыць усё проста немагчыма! І ўсё зроблена рукамі гаспадынь.

А калі перайшлі да прыгатавання дранікаў на калодзе, то іх пах проста закружыў галаву ўсім, ад старога да малога. Гэта ж самая смаката, на свежым паветры пачаставацца нацыянальнай стравай, ды яшчэ са смятанай і кавалачкам сала! А яшчэ любата было глядзець, як муж з жонкай зладжана працуюць у камандзе, без слоў разумеюць адзін аднаго.
Наступны конкурс — «Па дровы». Гаспадар з гаспадыняй не дзеляць працоўныя абавязкі, а ўсё па магчымасці робяць разам, дапаўняюць адзін аднаго, гэта і ёсць сапраўдная сям’я! І бервяно распілоўвалі разам звычайнай пілой, пасля чаго муж браўся за сякеру, а жонка пасля яго прыгожа тыя дровы складвала. Так павінна быць заўсёды і ва ўсіх: тады і паразуменне будзе, а спрэчкі адыдуць на задні план.

Ідуць касцы, звіняць іх косы. А што ж, і гэта павінны ўмець рабіць гаспадары. Праўда, трымерамі, бо ўжо сапраўдную прыладу і знайсці цяжка. І тут ужо мужчын было не спыніць! Акуратна і з веданнем справы скасілі свае ўчасткі.
І вось наступіў час апошняга конкурсу «Працуем у камандзе». Падчас вяселля абяцаў на руках насіць? Добра, хоць на тачцы пакатай! Што і рабілі мужчыны, яшчэ і перашкоды аб’язджалі, ніхто сваю палавінку не згубіў, і тое добра! А жонкі пасля віртуозна забівалі цвікі ў калоду, даказваючы сваю прыдатнасць у любой справе. Мужчыны спавівалі ляльку і прадэманстравалі кампетэнтнасць у дадзенай рабоце. Так што, як любая зойдзе на «хвілінку» да суседкі, то малое будзе дагледжанае. А пры сямейным зборы ўраджаю бацька і матуля з завязанымі вачыма раскладвалі агародніну ў вёдры, дзеці мелі магчымасць падказваць, які від і куды пакласці. Калі дружна, у адным парыве, то любая работа спорыцца!

Наступіў час падвесці вынікі, выбраць самую згуртаваную сям’ю, якая будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе праекта. Як зазначыў Руслан Супрыновіч, сёння ўсе пераможцы, бо рыхтаваліся старанна, з душой, і пажадаў усім дабра і любові. Падзякаваў і артыстам, якія паміж конкурсамі радавалі прыгожымі песнямі, усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы такога цудоўнага мерапрыемства.
Сертыфікаты рознага кшталту, падарункі ад раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» былі ўручаны Юрыю і Кацярыне Мельнікавым з трыма таленавітымі дзеткамі Арцёмам, Мацвеем і Міраславай (Пружанскі сельсавет), Аляксандру і Надзеі Зайнігулавым з надзейным памочнікам сынам Аляксеем (Ружаншчына). Сваю долю славы таксама прымалі Аляксандр і Аляксандра Бармуты, жыццярадасныя дзеці іх Эмілія і Раман (Навазасімавіцкі сельсавет), не засталіся без увагі Іосіф і Наталля Неміровічы з трыма чароўнымі дачушкамі Міланай, Васілісай і Каралінай (Велікасельскі сельсавет).
Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджваліся Дзмітрый і Алена Марозы з трыма дапытлівымі дзецьмі Уладам, Златай і Яраславам (Сухопальскі сельсавет). На другую прыступку п’едэстала падняліся прадстаўнікі Шарашэўскага сельсавета — Ігар і Алена Лашкевічы, сын Міша і дачушка Вольга. «Золата» паехала ў Ліноўскі сельсавет, у сям’ю Аляксандра і Аліны Бурко, дзе гадуюцца дружныя дзеці Мікіта, Іван і Дыяна. Не абышлося і без каштоўных падарункаў, якія былі ўручаны прызёрам праекта.
Усім жадаем дабрабыту, заўсёды дасягайце пастаўленай мэты. Жывіце ў згодзе і ладзе, ніколі не губляйце веры ў сябе і сваіх блізкіх. Помніце, што вы — гонар сваёй краіны!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
