Вторник, 17 ноября 2026

Украдзенае дзяцінства

441

22 чэрвеня – трагічная дата для нашага народа. У 1941 годзе ў гэты дзень фашысты напалі на СССР. На жаль, усё менш застаецца ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Мой прадзядуля Канстанцін Антонавіч Шыла, жыхар в. Блізная, не прымаў удзел у баявых дзеяннях, бо нарадзіўся 16 снежня 1931 года. Сёлета яму споўніцца 95 гадоў. Ён прадстаўнік пакалення, у якога было ўкрадзена дзяцінства. Яго, як і іншых малых, вайна пазбавіла шчасця, многіх зрабіла сіротамі, некаторыя загінулі, так і не стаўшы дарослымі.

Мой прадзядуля пражыў доўгае і цікавае жыццё. Я хачу расказаць пра яго, бо гэта сапраўды незвычайны чалавек. У свае амаль 95 гадоў ён заўсёды ў руху. Вядома, родныя яму дапамагаюць, але ён і сам не можа сядзець склаўшы рукі. Усё жыццё працаваў закройшчыкам у мясцовым атэлье. Яшчэ і зараз не-не ды і сядае за швейную машынку…

Часам даводзіцца чуць ад дарослых, нават старых людзей, успаміны пра дзяцінства. Але я ніколі не чула такіх успамінаў ад прадзядулі. Аднойчы я пацікавілася:

— Якім было Ваша дзяцінства? Якія ўспаміны ў Вас засталіся з таго далёкага часу?

Было відаць, што маё пытанне трохі збянтэжыла дзядулю. Ён неяк адразу спахмурнеў.
— Ат, што ўспамінаць. Якое там дзяцінства ў нас было. У нашага пакалення яго ўкралі. Вайна… Фашысты… Смутна помню. Ды і не хочацца ўспамінаць. Ніякай радасці ў нас не было. Сядзелі дома, нічога не бачылі. Вучыцца не мелі магчымасці. Наша пакаленне рана пасталела.

— А што было пасля вайны?

— Пасля вызвалення ў 1944 годзе ва ўзросце амаль 13 гадоў я пайшоў у Ружанскую школу. Вучыўся там да 1951 года. Пасля прызвалі служыць у армію. Праслужыў чатыры гады ў Ленінградзе. Мяне заўсёды цікавіла шыццё. Пасля вайны наладжвалася работа па бытавым абслугоўванні насельніцтва. У 1955 годзе, як толькі былі арганізаваны курсы савета прамысловай кааперацыі ў Гомелі (цяпер гэта Гомельскі дзяржаўны каледж бытавога абслугоўвання), я адразу паступіў туды на спецыяльнасць «закройшчык». Правучыўся год і прыехаў у Ружаны. Працаваў тут у мясцовым атэлье да самай пенсіі. Заказаў было шмат. Не ўсё можна было купіць у магазінах, таму заказвалі ў мяне. Умелыя рукі заўсёды былі запатрабаваны.

Пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў сваю родную вёску Блізная. Людзі ўвесь час звярталіся да мяне: то нешта пашыць, то перашыць трэба было. Я нікому не адмаўляў, таму што вельмі любіў свой занятак.

— А як жа зараз, калі Вам амаль 95?

— У мяне ёсць гаспадарка: куры, невялікі агарод. Сумаваць няма калі. Зараз шыю толькі для сябе. Рукам цяжка, у іх няма ўжо таго спрыту, а на машынцы лёгка. Сам рамантую сваё адзенне.

У чарговы раз я захаплялася сваім прадзядулем Косцем, яго адданасцю любімай справе. Жыццё яго не было лёгкім, але ён змог захаваць душэўнае цяпло, якім шчодра дзеліцца з усімі. Хочацца пажадаць яму яшчэ доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.
Мы, сённяшнія дзеці, жывём, вучымся, радуемся жыццю і не думаем, што можа быць інакш. Нават не дапускаем думкі, што ўсяго гэтага магло б не быць. Якое шчасце, калі на зямлі мір, а хлопчыкі і дзяўчынкі не пазбаўлены дзяцінства!


Алена Шыла, вучаніца
Ружанскай СШ імя К.Марача

Фота аўтара