
У мінулую нядзелю, якраз напярэдадні Дня абароны дзяцей, гарадскі парк поўнасцю быў аддадзены пад баўленне вольнага часу малых. Для іх было арганізавана маштабнае свята, якое ахапіла даволі вялікую тэрыторыю.
Побач з традыцыйнымі атракцыёнамі, ахутанымі аблокамі бурбалак, пахам цукровай ваты, былі арганізаваны гульнявыя пляцоўкі. Апошніх работнікі розных устаноў культуры стварылі нямала, пры гэтым аб’яднаўшы іх у адно цэлае: у «Вясёлы level-квест», пры праходжанні якога юныя ўдзельнікі атрымлівалі спецыяльныя квіткі. Паводле правілаў, той, хто сабярэ ўсе такія адзнакі, у фінале атрымліваў смачную ўзнагароду. Варта адзначыць, што заданні былі не столькі складаныя, як забаўляльныя. Напрыклад, малым загадваліся песні з мультфільмаў, патрабавалася выканаць танец або пераадолець перашкоды гарэзлівай спартландыі. У выніку жадаючых паказаць свае веды і спрыт было нямала. Як і атрымальнікаў салодкіх прызоў.

Акрамя таго, былі і іншыя забаўляльныя пляцоўкі, арганізаваныя супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. А самым непаседлівым прапанаваліся вясёлыя рухавыя «Гульні нашага двара». У спіс «Тэрыторыі дзяцінства» таксама ўваходзілі аквагрым, кантактны заапарк з пухнатымі гадаванцамі, вялікі лега-канструктар і розныя фотазоны.

І цэнтрам гэтай святочнай віхуры была летняя эстрада, на якой адначасова праводзіўся штогадовы справа-здачны канцэрт лепшых самадзейных калектываў і салістаў «Лесвіца поспеху 2026». У ім прынялі ўдзел 38 выступоўцаў, якія дэманстравалі народныя і забаўляльныя танцы, спявалі песні і паказвалі іншыя нумары. У рамках канцэртнай праграмы таксама падво-дзіліся вынікі VIII раённага мастацкага конкурсу імя Алены Лось, з узнагаро-джаннем самых лепшых юных мастакоў. Варта дадаць, што сярод артыстаў былі як дашкаляты, так і вучні старэйшых класаў. Кожны калектыў або саліст атрымліваў дыплом-прызнанне таленту. Самае прыемнае, што на сцэну ўзнімаліся дыпламанты з усіх куткоў Пружаншчыны. Гэта — яскравы доказ таго, што ў нас сапраўды творчы край.
У выніку дзіцячае свята доўжылася не адну гадзіну, стварыўшы ў маленькіх удзельнікаў на самым пачатку лета добры настрой, якога, спадзяёмся, хопіць на ўсе канікулы.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
