Хто забяспечыць жыхароў нашага раёна другім хлебам? Ужо не першы год вырошчваннем бульбы займаюцца ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» (125 га), ААТ «Ружаны-Агра» (70 га) і РУП «АСГДС» (35 га). Усе гаспадаркі ўбіраюць караняплоды.
Жыццё без бульбы для беларуса — гэта не жыццё. Добра, што мы кожны дзень маем на стале хлеб. Але толькі ўспомніць дзяцінства… Якая смаката была тая запечаная на кастры бульба, разламаў адну — і ад яе ў паветры з’яўляецца такі пах, што аж галава ідзе кругам! Ды і ў сталым узросце наўрад ці хто з нас адмовіцца ад яе, смажанай, запечанай у духоўцы, проста зваранай і патоўчанай з маслам. Ці не трэба будзе нам адмаўляцца ад звыклых страў з бульбы, мы раскажам вам на прыкладзе ААТ «Ружаны-Агра».
На бульбяным палетку пад мілагучнай назвай «Пчаліная пасека» і размяшчаюцца ўсе 70 га сельгаставарыства. На ўборцы задзейнічаны 2-радны самаходны бульбаўборачны камбайн «DEWULF» бельгійскай вытворчасці з унікальным транспарцёрам шырынёй амаль 3 метры. Падчас работы яго абслугоўваюць два механізатары. А наверсе знаходзяцца два чалавекі, якія ачышчаюць клубні ад рознага смецця, у тым ліку і камення, яны па ўсіх правілах бяспекі забяспечаны не толькі спецадзеннем, але і рэспіратарамі, бо працаваць даводзіцца ў даволі пыльных умовах. Што зробіш, работа такая, нялёгкая, але і яе выконваць трэба.
Пра ўраджайнасць запыталіся ў галоўнага агранома сельгаставарыства Ільі Юнаша. На што пачулі адказ: пакуль што яна больш высокая (319 ц/га), чым у мінулым годзе. Але канчатковы рэзультат будзе бачны толькі па сканчэнні ўборкі.
У гэтым годзе па вясне пасадзілі бульбу «брыз» і «каралева ганна». Нечым жа кіраваліся пры выбары сартоў? Канечне, асноўны тон задаюць пакупнікі. У мінулым годзе многія пыталіся і цяпер ужо пытаюцца пра «каралеву». Калі ласка, купляйце і частуйцеся. Вось так і зарабляюцца грошы, не наўгад, а ўдумліва і з разлікам.
З палетка другі хлеб трактарамі дастаўляецца на сартавальную лінію, пасля чаго змяшчаецца ў камеры захоўвання. У іх бульба праходзіць лячэбны перыяд, з часам адбіраецца гнілая і хворая. Апошні этап — захоўванне ў сваім бульбасховішчы на 5000 тон клубняў.
Так як сёлета на бульбу стабфонд не быў даведзены, то ААТ «Ружаны-Агра» ўвесь бульбяны ўраджай, акрамя насеннай часткі, будзе рэалізоўваць як на восеньскіх кірмашах, так і праз гандлёвыя сеткі. Хопіць усім і на дранікі, і на таўканіцу.
Вось так і працуюць сельскія працаўнікі з ранняй вясны і да позняй восені, шчыра і сумленна. Каб мы, беларусы, і не задумваліся над тым, што сёння з’есці, чым сябе, любімага, пачаставаць. Дзякуй вам за гэта!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік