Понедельник, 16 марта 2026

У славу Аранчыцкай птушкафабрыкі. У мінулую пятніцу ў вялікай зале Палаца культуры прайшло ўшанаванне прадпрыемства з нагоды 60-годдзя з дня яго ўтварэння

728

Юбілей — гэта прыемная нагода, каб сабрацца разам, у цёплай кампаніі, абавязкова запрасіць гасцей, успомніць, з чаго ўсё пачыналася і якога рэзультату дасягнулі цяпер, абмеркаваць планы на будучае. Што і зрабіла кіраўніцтва птушкафабрыкі.
Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Камісарук, шэсцьдзясят гадоў — гэта не так ужо і мала. Былі ўзлёты і падзенні, на памылках вучыліся, не баяліся эксперыментаваць. У выніку ў 2024 годзе сталі першымі ў рэспубліцы па яйцаноскасці. Семдзесят пяць з паловай мільёнаў яек за мінулы год, 324,7 штук ад курыцы-нясушкі пры 96% захаванасці пагалоўя. А ўжо пра смак і гаварыць не даводзіцца, не адрозніш ад вясковага. Прапануюць нават яйкі з селенам. Адным словам працаўнікам птушкафабрыкі моцнага здароўя, дабрабыту і веры ў тое, што заўтра абавязкова будзе яшчэ лепш, чым сёння.


«Дзякуй за шчырую працу, за адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў», — такія словы ў пісьме віноўнікам мерапрыемства адрасаваў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Пархомчык.


Першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко пажадаў птушкафабрыцы фінансавай стабільнасці. А старшыня раённага аграпрамысловага саюза Васіль Севасцьянчык дадаў, што там, дзе працуюць сумленныя людзі, абавязкова будзе ўсё ў парадку, прад-прыемства пойдзе ў правільным напрамку.
Ніколі не сумаваць, весела ісці па жыцці. Такі пасыл гучаў для працаўнікоў птушкафабрыкі ад старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгі Зубковай.


І кожнаму падарункі, граматы, неймаверна прыгожыя кветкі. Людзі павінны і адпачываць, і бачыць да сябе павагу і клопат. Тады і на працу ісці хочацца, прыкладаць намаганні, каб прадпрыемства было на вышыні па ўсіх эканамічных паказчыках. Мы ўпэўнены, што ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» яшчэ не раз будзе атрымліваць заслужаныя ўзнагароды, бо людзі там працуюць залатыя!


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік