Чыста, хораша, прыгожа робіць так не толькі камунальная служба, але і іншыя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні, навучэнцы адукацыйных устаноў, простыя гараджане і вяскоўцы. Пацвярджэннем таму з’яўляецца і акцыя, праведзеная напрыканцы мінулага тыдня ў скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў па вул. Тармасава.

Тыя, хто нядаўна там бываў, заўважылі, што ў скверы праведзена значная чыстка: убраны старыя дрэвы і іншыя насаджэнні. Архітэктурная кампазіцыя гэтага памятнага месца стала больш выразнай і заўважнай. Аднак у скверы павінна быць больш зелені, з улікам чаго, як паведаміў начальнік аддзела па ідэалогіі і справах моладзі Аляксандр Момлік, было вырашана высадзіць тут «Алею міру і стварэння» з дэкаратыўнага кустоўя і хвоек.
– Да наступнага года, калі будзе адзначацца 35-годдзе вываду войскаў з Афганістана, высаджаныя расліны падрастуць і ў скверы стане яшчэ больш прыгожа, – зазначыў Аляксандр Канстанцінавіч.

У закладцы алеі прынялі ўдзел першы сакратар Пружанскай раённай арганізацыі БРСМ Ульяна Апаляйчук, члены пярвічкі БРСМ гімназіі і воіны-інтэрнацыяналісты на чале са старшынёй ветэранскага аб’яднання Валерыем Гарахавіцкім. Усяго было высаджана некалькі дзясяткаў кустоў і дрэваў на спецыяльна вызначаныя месцы.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара
