
На базе СШ №5 на мінулым тыдні прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы юных інспектараў дарожнага руху. Гэта ўжо быў 46 раённы злёт-конкурс, які сабраў рэкордную колькасць каманд з устаноў адукацыі Пружаншчыны.
У выпрабаваннях прынялі ўдзел 18 зборных з гімназіі і трох гарадскіх школ, а таксама з Хараўской, Слабадской, Ружанскай, Навасёлкаўскай, Параслянскай, Мураўскай, Шаняўской, Кляпацкай, Шарашэўскай, Ліноўскай, Мокраўскай, Магілявецкай, Шчарчоўскай і Сухопальскай СШ.
Амаль паўтары сотні юных інспектараў дарожнага руху з усіх куткоў нашага раёна прыехалі ў гэты дзень (некаторыя ўпершыню), каб паказаць свае веды, таленты, спрыт, а таксама практычную падрыхтоўку.
Па складзеным арганізатарамі конкурсу — райаддзелам па адукацыі і Дзяржаўтаінспекцыяй — рэгламенце, «ЮІДаўцы» павінны былі паказаць свае ўменні ў чатырох асноўных выпрабаваннях: «Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР», «Фігурнае ваджэнне веласіпеда», «Аказанне першай медыцынскай дапамогі» і «Навучальна-пазнавальная праграма». А таксама ў пятым дадатковым — «Плакат сацыяльнай рэкламы па бяспецы дарожнага руху».
Істотную падрыхтоўку па тэорыі Правілаў дарожнага руху паказалі вучні Сухопальскай, Кляпацкай і Мураўскай СШ. Хаця ім не ўдалося справіцца з заданнем на пераадоленне перашкод на двухколавым транспарце. На гэтым этапе лепшымі былі прызнаны ўменні шаняўцоў, лінаўчан і школьнікаў з пятай гарадской школы.
З медыцынай лепш за іншых справіліся «ЮІДаўцы» з Ружан, Магілёўцаў і Слабудкі. А вось самыя яскравыя таленты на творчым этапе выказалі дзеці з Мураўскай і Кляпацкай СШ, а таксама Шаняўской школы імя Міколы Засіма.
У выніку журы давялося сур’ёзна «паламаць галаву», падлічваючы набраныя ўдзельнікамі балы. Першае месца было прысуджана камандзе юных інспектараў «Маячок» з Шанёў. Зусім крыху саступілі ім мураўскія сапернікі з каманды «С.Т.О.П.», а таксама кляпацкія школьнікі з каманды «Сябры патрульнай службы», якія атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна.
Прызёрам былі ўручаны памятныя падарункі. Каманду з Шаняўской СШ імя Міколы Засіма чакае дадатковая падрыхтоўка, таму што хутка яны будуць абараняць гонар раёна на занальным злёце-конкурсе юных інспектараў дарожнага руху.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
