Як абараніцца ад абразы?
Адказвае ўчастковы інспектар Аляўціна Андрайчук:
— Каб прыцягнуць крыўдзіцеля да адказнасці, неабходна зафіксаваць факт абразы. Гэта могуць быць скрыншот паведамлення, гукавы (відэа) файл. Таксама трэба скапіраваць спасылку на акаўнт аўтара брыдкага каментарыя і звярнуцца з заявай у праваахоўныя органы.
У Беларусі за наўмысную знявагу асобы, выказаную ў непрыстойнай форме публічна, прадугледжана адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасць. Калі канфлікт адбыўся ў асабістай перапісцы, то правапарушальніка чакае штраф у памеры да 30 базавых велічынь. За публічную (даступную для іншых асоб) абразу — штраф 10-200 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт. За знявагу ў дачыненні да службовай асобы, прадстаўніка ўлады і іх блізкіх ужо прадугледжана крымінальная адказнасць — да трох гадоў пазбаўлення волі са штрафам.
