
Сінія кветачкі льну, якія ўвасоблены нават у якасці элемента Дзяржаўнага Герба Рэспублікі Беларусь, сталі таксама сімвалам мастацкага пленэра, які прайшоў у Пружанах. Арганізатарамі і ідэйнымі натхняльнікамі мерапрыемства сталі ТАА «БелБрэндАўдыт», аддзел культуры райвыканкама і ААТ «Пружанскі льнозавод».
Як расказала нам дырэктар ТАА «БелБрэнд Аўдыт» Валянціна Дыніч, падчас падрыхтовак да рэспубліканскіх фестываляў «Вытокі», «Свята льну» высветлілася наступнае: нягледзечы на тое, што лён — гэта наша адна са стратэгічных культур, але фатаграфій, карцін са льном вельмі мала. Таму было прынята рашэнне адправіцца ў тую мясцовасць, дзе гэтая расліна расце, займае значную плошчу. Пры падтрымцы пружанскага райвыканкама і было арганізавана гэта мерапрыемства. На натуральныя замалёўкі прыбылі прафесійныя мастакі, якія супрацоўнічаюць з мастацкай галерэяй «АртХаос», а таксама тыя, хто займаецца ў школе мастацтваў Пружан. Па словах Валянціны Іванаўны, у Верхнім горадзе Мінска будзе арганізавана выстава, на якой прадставяць карціны, напісаныя на пружанскім полі.
Другая частка пленэра — паказ моднага адзення з ільну і пінскага трыкатажу «Беларусь — брэнд маладых». Праводзіўся ён у рамках праекта «Роднае — моднае».
Як падкрэслівала на працягу ўсёй гутаркі Валянціна Дыніч, кветкі льну вельмі падобныя на характар нашых беларусаў, іх менталітэт, памяркоўнасць. Яны лагодныя, прыгожыя, блакітныя і нават адчувальныя да змяненняў надвор’я. Характар жа, як і валакно паўночнага шоўку, трывалы, але мяккі і добры.
Прыгожа? Вельмі!
Напрыканцы першага дня пленэра мы пагутарылі з яго ўдзельнікамі:
Міхаіл Крот прадставіўся вольным мастаком:
— У асноўны свой творчы час пішу пейзажы. Вялікую ўвагу надаю пленэрнаму жывапісу непасрэдна на прыродзе. На гэтае мерапрыемства мяне запрасілі, каб напісаў на палатне квітнеючы лён, час цвіцення якога вельмі кароткі. Мне моцна спадабаўся горад, яго наваколле. Мы ўчора крыху павандравалі па Пружанах, агледзелі некаторыя помнікі архітэктуры, цэрквы, праехаліся па вёсачках. Прыгажосць такая, што словамі не перадаць, трэба пісаць карціны.
Навучэнкі мастацкага аддзялення школы мастацтваў г. Пружаны
(на здымку злева):
Сафія Цёхан:
— Мне вельмі падабаецца маляваць на прыродзе. Тут усё такое жывое, прыгожае, з такім яркім, пяшчотным адценнем. Я гэтым заўсёды захапляюся.
Вера Зялевіч:
— Гэта мой не першы вопыт маляваць на прыродзе. У школе я часта малюю на перапынках і дома на двары. Мне вельмі падабаюцца акварэльныя фарбы. Сёння цудоўны дзень. Захапляе блакіт нябёсаў. Гэта ўсё садзейнічае мастацтву.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны МАСІК
