Пятница, 4 сентября 2026

У красавіку 2024 года ў пасяджэннях VII Усебеларускага народнага сходу прыняла ўдзел дэлегацыя Пружаншчыны, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч

815

Нягледзячы на цяперашні высокі пост, Міхаіл Міхайлавіч, як і Аляксандр Богдан, Генадзь Фасевіч, Аляксандр Пішч, Наталія Нашылава, стаў прадстаўніком практычна ўсіх слаёў насельніцтва нашага рэгіёна. Адкуль ён родам і дзе прайшоў паўнацэнную школу жыцця.

Нарадзіўся Міхаіл Грышкевіч у в. Баравікі Пружанскага раёна ў сям’і сельскіх працаўнікоў. Відавочна, што з маленства ён засвойваў усе вясковыя клопаты, літаральна «на свае вочы» бачыў, адкуль бярэцца і якой цаной усё тое, што з’яўляецца на стале. У некаторай ступені гэта і паўплывала на прафесійны выбар нашага земляка. Хаця спачатку ён марыў пайсці «па слядах» старэйшага брата і стаць ваенным. Нават выбраў для сябе пагранічны род войскаў.

— Вось толькі гэта быў пачатак 90-х гадоў, калі з’явіліся новыя граніцы і для навучання мне давялося б ехаць за мяжу,— успамінае Міхаіл Міхайлавіч.— Таму паміж дзвюх ідэй выбраў тую, з якой «вырас».

Жыццёвы выбар
З дзяцінства яго захапляла сельскагаспадарчая тэхніка, асабліва камбайны, за рулём якіх тата Міхаіла правёў не адзін дзясятак уборачных кампаній. Самы яркі дзіцячы ўспамін — на каленях у бацькі, трымаючы ў руках штурвал «карабля палёў». Тады хлопец пераканаўся, што патрэбна прыкладаць усе сілы, каб сельская праца стала лягчэй. А значыць, ёй патрэбна магутная тэхніка, якая абярэ на сябе непасільны цяжар.

Помніцца, як бацькі Міхаіла расказвалі, што ад прыроды ў яго характары былі не толькі працавітасць, імкненне рупліва і дбайна выконваць усе даручэнні. Але і настолькі ўпартая мэтанакіраванасць, што зрушыць яго з «намечанага курсу» было нерэальна. Гэта праявілася і ў 16 гадоў, калі пасля школьнага выпускнога Міхаіл Грышкевіч з адным рукзаком за плячыма адправіўся паступаць у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Там зноў жа падтрымлівала тая ж упартасць. Юнаку з вясковай глыбінкі было страшна літаральна на кожным кроку: і ад незнаёмага мегаполіса, і ад новай абстаноўкі, і вялікага натоўпу людзей…

— Памятаю першую лекцыю — начартальная геаметрыя, якая прымусіла задумацца: куды ж я трапіў? Аднак, пазней адчуў інтарэс да новых ведаў, асабліва, калі пачалі выкладаць асновы будучай прафесіі інжынера. Спецыяліста, які павінен умець думаць, рэалізоўваць тэорыю на практыцы.

Разам з дыпломам спецыяліста Міхаіл Грышкевіч, як ён сам сцвярджае, атрымаў настолькі важкі багаж ведаў, што першыя працоўныя крокі даліся без асаблівых складанасцей. Больш таго, яму пашчасціла трапіць у высокапрафесійны калектыў калгаса «Ленінскі шлях», які ўзначальваў Васілій Іванавіч Сарока. Падтрымку малады выпускнік з першых дзён атрымаў усебаковую: і ад вопытнага старшыні гаспадаркі, і ад яго намесніка Георгія Іванавіча Куцько, і ад механізатараў, якія мелі багаты вопыт і шчыра дзяліся ім з маладым пакаленнем.

Адначасова Міхаіл Міхайлавіч вучыўся адносінам паміж людзьмі, а яшчэ знаходзіць выйсце ў няпростай сітуацыі. Ён асвойваў дарослае жыццё, дзе патрэбна было прымаць асабістыя рашэнні, але адносна вялікай колькасці людзей. Словам, таму, што жыццёва неабходна дэлегату Усебеларускага народнага сходу, які прызнаны вышэйшым органам народаўладдзя ў нашай краіне.

І ўсе наступныя кар’ерныя змяненні толькі папаўнялі багаж каштоўнага вопыту Міхаіла Міхайлавіча.

Вопыт кіраўніцтва
Яго Міхаіл Грышкевіч пачаў асвойваць 20 гадоў таму, калі стаў дырэктарам ААТ «Велікасельскае Агра». Тут ужо прыйшлося не толькі кіраваць сіламі і рэсурсамі, але і разбірацца ў сацыяльных пытаннях. Зноў жа ўпарта падтрымліваючы давер, які яму аказалі і старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч, і начальнік раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Марыя Сцепанюк. Таксама ўспамінаючы татаву навуку: узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.

Упартасць была ацэнена належным чынам, і праз два гады Міхаіл Міхайлавіч быў пераведзены кіраваць ААТ «Жураўлінае». На яшчэ большы фронт работы, таму што гаспадарка ў той час перажывала маштабнае будаўніцтва. І не проста з узвядзеннем новых аб’ектаў, а з асваеннем, нярэдка ў эксперыментальных умовах, сучасных агратэхналогій. Давялося вучыцца кіраваць нават не дзясяткам, а сотняў накірункаў, сачыць за ўсімі вынікамі, аптымальна размяркоўваючы рэсурсы і вылічваючы сілы. Шэсць гадзін сну на суткі, адсутнасць выхадных і забытае слова «водпуск». А яшчэ — чарговая вучоба, спачатку ў Брэсцкім політэхнічным інстытуце, а потым у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якую закончыў «з адзнакай».

Усё давялося сумяшчаць, сціснуўшы зубы і ўключаючы ўпартасць «на поўную». Раней бы сказалі, што «няма такіх вяршынь, якія не адолеюць бальшавікі». Апошняе слова можна смела замяніць на канкрэтнае імя чалавека, які на кожным сваім месцы ставіць мэту і нястрымана ідзе да яе.

Яскравы прыклад з біяграфіі Міхаіла Міхайлавіча — гэта старшынства ў Кобрынскім раёне, дзе за перыяд з 2018 па 2021 год адбылося нямала станоўчых змен. Рывок у сельскай гаспадарцы, новы мост у Кобрыне, камп’ютарны тамограф, «Дажынкі» ў Дывіне, дзіцячы садок… Пералічваць здабытае за 4 гады можна і далей. А вось таго, што пакладзена ў асабісты багаж, яшчэ больш.

На радзіме
Чым адрозніваецца пасада старшыні Кобрынскага райвыканкама ад аналагічнага працоўнага месца на Пружаншчыне? Для Міхаіла Грышкевіча ў першую чаргу адказнасцю. Не толькі перад грамадствам, а менавіта перад землякамі, якія ў любы момант могуць сказаць «ты ж наш, чаму не зрабіў добра?». З такой думкай Міхаіл Міхайлавіч у 2022 годзе прыехаў у родны край. Яе трымае ў галаве і зараз, і асабліва падчас удзелу ва Усебеларускім народным сходзе.

— У 2024 годзе адбыўся сёмы, але фактычна першы Усебеларускі народны сход у фармаце менавіта таго месца, дзе вызначаюцца ўсе вектары стратэгічнага развіцця нашай краіны, — зазначае Міхаіл Міхайлавіч. — Перспектывы ўсіх беларусаў разам і кожнага паасобку. Вызначаюцца галоўныя накірункі, як будзем жыць далей, а яшчэ крытэрыі ацэнкі вынікаў зробленага. У тым ліку і выканаўчай улады, як дзяржаўнай і народнай службы. І на сходзе мы агучвалі праблемы не толькі нашага рэгіёна, але і яго насельніцтва, кожнай вёскі, нават вуліцы.

Дабавілася работы? Зноў акцэнт на прыродную ўпартасць! Хаця трэба знаходзіць час і на адпачынак, таму што са сваёй практыкі Міхаіл Грышкевіч зрабіў яшчэ адну выснову: толькі дрэнны кіраўнік не мае вольнага часу. Арганізуючы, накіроўваючы і кантралюючы велізарны аб’ём, трэба мець для гэтага адпаведны запас энергіі, імкненняў і нават здароўя. Таму павінен правільна размяркоўваць працоўныя працэсы так, каб хапіла на ўсё. І перапынак на тое, каб выдыхнуць, сабрацца з сіламі. І ў гэтым Міхаілу Міхайлавічу дапамагае сям’я, а яшчэ… вёска. Сям’я — як цвёрды падмурак, трывалы тыл і другая палова жыцця. А яшчэ — крыніца шчасця, калі ты не толькі ідзеш на працу з радасцю, але і вяртаешся з яе.

А ў вёсцы, родных Баравіках, чакае бацькоўскі дом, які дазваляе вярнуцца ў той бесклапотны час, калі ты выбіраў будучае для сябе. І там самыя любімыя работы — пакасіць, а яшчэ пасталярнічаць ва ўласнай майстэрні, дзе ў руках нараджаецца яшчэ адна рэч, карысная ў гаспадарцы. Што таксама потым з надыходам чарговага працоўнага тыдня вучыць: зрабіў для сябе — зрабі і для іншых.


Алег Сідарэнка