Понедельник, 8 июня 2026

У годнага чалавека і жыццё пачэснае

497

Нехта сцвярджае, што пры выбары колеру формы беларускай міліцыі перавага цёмна-сіняму была аддадзена з-за таго, што ён супакойвае эмоцыі, зніжае трывогу. Што, без сумнення, дапамагае ў ахове правапарадку. Але ж гэтаму колеру псіхолагі надаюць яшчэ некаторыя азначэнні, сярод якіх — сіла, вернасць, мудрасць і надзейнасць. Больш за 20 гадоў ведаю цяпер ужо ветэрана МУС Мікалая Еўтуха і з абсалютным перакананнем сцвярджаю, што такія словы цалкам адпавядаюць не толькі характару гэтага чалавека, але і яго поглядам на жыццё.

Хаця ў юнацтве Мікалай Аляксеевіч нават і не марыў стаць міліцыянерам. Нарадзіўшыся на Піншчыне ў 1959 годзе, там жа скончыўшы школу і атрымаўшы прафесійную адукацыю (меліяратар), ён працаваў у зусім іншых сферах. Будаваў, адказваў за тэхніку, папрацаваў не толькі на Беларусі, але і на Смаленшчыне. Аднак раптоўна лёс рэзка змяніў накірунак: па парадзе дзядзькі, які служыў у міліцыі, Мікалай Еўтух вырашыў пайсці вучыцца ў школу міліцыі. Праз 40 з лішнім гадоў ён не можа патлумачыць, чаму ў 24 гады, калі ўжо абраны жыццёвы шлях, застаецца толькі зарабляць на ім розныя бонусы, ён «перастроіўся на іншую паласу».

У 1985 годзе малады міліцыянер быў накіраваны на Пружаншчыну, як аказалася на ўсё жыццё. Спачатку ён заняў у райаддзеле міліцыі пасаду ўпаўнаважанага па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю (ОБХСС), потым узначаліў службу, якой кіраваў да 1998 года. За 13 гадоў у сферы захавання эканамічнай законнасці Мікалай Аляксеевіч займеў важкі багаж як досведу, так і гісторый. Успамінае ён выкрыццё самых розных злачынстваў, сярод якіх і незаконныя нацэнкі на тавар, калі з простых працаўнікоў «нячыстыя на руку» гандляры бралі лішнія грошы, і «эканомія на хлебе», якога нядобрасумленным вытворцам удалося «назбіраць» амаль 9 тон.

— Здаралася, што за «заплюшчаныя вочы» нам прапаноўвалі хабар, і не раз. Памятаю, як нам з напарнікам за тое, што адпусцім гандляроў алкаголем з 24 тонамі спірту, абяцалі нават 5 тысяч долараў,— расказвае ветэран.

Потым Мікалаю Аляксеевічу тагачасны начальнік РАУС Анатолій Лагодзіч прапанаваў узначаліць штаб. На гэтай ніве мы і пазнаёміліся з ім. На пачатку 2000-х гадоў у «раёнцы» па просьбе чытачоў была створана новая рубрыка «Трывожны тэлефон», якая і зараз, праз 20 гадоў, прыцягвае інтарэс нашай вялікай аўдыторыі. Дык вось, пры падтрымцы начальніка штаба райаддзела міліцыі нараджаўся «Трывожны тэлефон». Сумеснай працай падбіраўся змест, які не толькі будзе «гарачыць» пікантнымі падрабязнасцямі, але і вучыць грамадства ўласнай бяспецы


Менавіта за адказнае стаўленне да службовых абавязкаў начальнік штаба Пружанскага РАУС неаднаразова адзначаўся нават на абласным узроўні. За спакойныя і ўмелыя дзеянні, за сілу духу і вернасць характару. І з гэтай пасады ў званні маёра ў 2011 годзе ён выйшаў у запас, на заслужаны адпачынак. Дарэчы, «службовыя» рысы характару Мікалай Аляксеевіч праявіў і ў цывільным жыцці.
Разам з ім у 1985 годзе паехала на новую Радзіму і жонка, Вольга Мікалаеўна, з якой яны ажаніліся на Смаленшчыне, куды дзяўчына прыехала з Валгаграда. Вось так, наша зямля прыдбала не толькі трывалую сям’ю, але і працавітых людзей. У якіх сёлета будзе 40 гадоў сумеснага жыцця. Тут яны нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей, ужо маюць дзвюх унучак, спадзяёмся, што род Еўтухаў яшчэ павялічыцца.
А таксама ў Мікалая Аляксеевіча вялікі стос захапленняў. Рыбалка, паляванне за грыбамі. А дома ён — сталяр з залатымі рукамі. Гэтае захапленне яму перадалося ад бацькі, які прывучыў сына правільна пілаваць, габляваць, прыстукваць… Амаль усе драўляныя рэчы ў сваім доме цяперашні галава роду Еўтухаў зрабіў уласнаручна. І некаторыя вырабы служаць ужо не адзін дзясятак гадоў

У адпачынку ветэран не застаўся забыты, ён падтрымлівае пастаянную сувязь з калегамі. На пытанне «Колькі ж у вас сяброў?» нават не змог і адказаць. А потым, падумаўшы, наогул адмовіўся лічыць, каб каго-небудзь не прамінуць: яны ўсе дарагія. У тым ліку і з-за гэтага Мікалай Еўтух ніколькі не шкадуе, што менавіта так склаўся яго лёс.

— Таму, карыстаючыся момантам, перадаю ўсім віншаванні з надыходзячым прафесійным святам. Зычу заставацца вернымі сяброўству, спакойна пераносіць усе выпрабаванні і ўмела пераадольваць праблемы. А яшчэ быць такой жа надзейнай апорай для блізкіх.


Алег СІДАРЭНКА.
Фота з сямейнага архіва