Четверг, 16 июля 2026

У гарадскім Палацы культуры ў сераду адкрылася выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па ткацтве і вышыўцы «Ніткі часоў: захоўваючы традыцыі, ствараючы будучыню», якая будзе працаваць на працягу месяца

606

З першых крокаў наведвальнікаў ахутвае атмасфера супакаення і захаплення. Зала напоўнена дзіўнымі работамі, кожная з якіх — не проста выраб, а цэлая гісторыя, расказаная ніткамі. Вочы разбягаюцца ад разнастайнасці ўзораў: ад далікатных кветкавых матываў да строгіх геаметрычных арнаментаў, што захоўваюць мудрасць стагоддзяў. Тут можна пабачыць дзіўныя ручнікі, саматканыя палотны, вытанчаную вышыўку і іншае.

Выстава ўяўляе сабой грунтоўны збор работ, якія можна назваць данінай павагі таленту, упартасці і адданасці мастацтву нашых зямлячак Людмілы Яроцкай, Ірыны Гадуйка, Святланы Швед, Таццяны Кныш, Людмілы Кудрэйка, Алены Клімянковай, Веры Волчык, Святланы Тагіевай, якія з любоўю і майстэрствам захоўваюць і развіваюць неацэнную спадчыну нашых продкаў. Кожны шывок, кожная пераплеценая нітка — гэта вынік карпатлівай працы, цярплівасці і бязмежнай любові да сваёй справы.

У кожнага майстра свае сакрэты і свае адпрацаваныя тэхнікі і прыёмы. Простыя каляровыя нітачкі ў руках сучасных майстрых ператвараюцца у сапраўдныя шэдэўры, якія адлюстроўваюць нашу культуру і гісторыю. А што адметна, кожны выраб па-свойму ўнікальны, не падобны на папярэднія.

У рамках мерапрыемства начальнік аддзела культуры райвыканкама Алена Кубарка адзначыла майстрых Пружаншчыны, якія захоўваюць такія кірункі, як вышыўка і ткацтва, падзячнымі лістамі за захаванне, перадачу і папулярызацыю творчых рамёстваў, асабісты ўнёсак у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

— Наша Беларусь багатая талентамі, і галоўнае, што яны беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Я захоплена ўзроўнем прадстаўленых работ і жадаю вам, дарагія майстрыхі, нязгаснага натхнення, а гасцям — глыбокага пранікнення ў свет прыгажосці і традыцый! — адзначыла Алена Аляксандраўна.

Сённяшняя выстава — яркае сведчанне таго, наколькі жывыя і запатрабаваныя нашы народныя промыслы. Гэта не толькі магчымасць палюбавацца гатовымі шэдэўрамі. Галоўнае тут — жывая камунікацыя і магчымасць дакрануцца да таямнічасці стварэння прыгажосці. Адменнае ажыўленне панавала там, дзе майстрыхі, нібы чараўнікі, дэманстравалі сваё мастацтва наведвальнікам.

Дзеці з сярэдняй школы № 5 г. Пружаны з непадробленай цікавасцю назіралі за працай майстрых, задавалі пытанні, а тыя з радасцю дзяліліся сакрэтамі свайго рамяства. Тут няма бар’ераў паміж стваральнікам і гледачом — ёсць толькі шчырае жаданне перадаць часцінку свайго майстэрства, натхніць і паказаць, што прыгажосць можна стварыць сваімі рукамі. Трэба бачыць, як загараюцца вочы ў малых, калі яны з трапятаннем бяруць у рукі іголку, спрабуюць правесці нітку праз тканіну, і нават самыя простыя рухі выклікаюць у іх захапленне. Адчуваецца, як мастацтва яднае, як яно абуджае цягу да выдатнага і жаданне ствараць.

Алена Хатулева (тэкст і фота)