
Пытанне часовай працоўнай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час актуальнае круглы год. У сувязі з гэтым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў чэрвені 2025 года за кошт сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь было ўладкавана на працу каля 130 непаўналетніх дзяцей з 15 устаноў адукацыі.
У адным з лагераў працы і адпачынку, які базіруецца на тэрыторыі Кляпацкай СШ і называецца «Юнацтва», працуюць дзесяць школьнікаў. Усе яны сёлета скончылі восем класаў і дасягнулі чатырнаццацігоддзя, што з’яўляецца абавязковай умовай пры працаўладкаванні. Тут падлеткі не толькі працуюць, але і цікава бавяць свой вольны час. Згодна з графікам, яны сем дзён аддаюць працы, а яшчэ восем адпачываюць і ўдзельнічаюць у рознага роду мерапрыемствах, у ходзе якіх атрымліваюць масу станоўчых эмоцый.
— Лічу, што тут для дзяцей створаны выдатныя ўмовы, каб час праходзіў весела і цікава. Таксама са станоўчага боку можна адзначыць і той факт, што хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца пад наглядам дарослых і займаюцца карыснымі справамі. А для іх саміх прыемным бонусам з’яўляецца грашовае забеспячэнне, якое яны атрымліваюць за зробленую работу, — адзначыў дырэктар лагера «Юнацтва» Дзмітрый Пасько.
За сем працоўных дзён школьнікі зрабілі немалую колькасць карысных спраў. Яны паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі навучальнай установы, прывялі ў парадак школьныя парты і кніжны фонд. Апроч гэтага, прымалі ўдзел у зялёным будаўніцтве. Без іх увагі не застаўся і школьны агарод, частка якога была ўскапана і вызвалена ад пустазелля (на здымку).
Падзяліліся сваімі меркаваннямі наведвальнікі лагера «Юнацтва»:
Аляксандра Чопка:
— Пра лагер даведалася ад сваіх сяброў, якія ў ім ужо былі летась. Мне спадабалася тут працаваць і бавіць час разам са сваімі аднагодкамі. Абавязкова некаторую частку заробленых грошай я аддам сваёй маме і бабулі ў знак падзякі за ўсё, што яны для мяне робяць.
Іван Салаўёў:
— Галоўнае для мяне — магчымасць зарабіць грошай. Насамрэч, тут было вельмі цікава і весела, таму я сапраўды не пашкадаваў аб прынятым рашэнні. Планую адну частку грошай патраціць на пакупку комікса, які прысвечаны Першай сусветнай вайне, а другую аддаць сваёй сястры на вяселле, якое павінна адбыцца ў канцы лета.
Максім Іванчык:
— Я чуў раней толькі добрае пра гэты лагер ад сваіх знаёмых, таму і прыняў рашэнне аб працаўладкаванні. Як паказаў час, ніколькі не пашкадаваў. Можна сказаць, што я сумясціў прыемнае з карысным. Заробленыя фінансы планую пакуль адкласці для пакупак у будучыні.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама сфарміраваны пералік арганізацый, гатовых у 2025 годзе прымаць на працу моладзь, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час з аплатай за кошт уласных сродкаў наймальніка. Банер і інфармацыя аб наяўнасці свабодных вакансій для часовага працаўладкавання вучнёўскай моладзі размяшчаецца ў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме, на партале дзяржаўнай службы занятасці gsz.gov.by, у раздзеле «саіскальніку» — «часовае працаўладкаванне».
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік
