Среда, 14 октября 2026

У «без пяці мінут» 90 гадоў — на веласіпедзе і з любімай справай жыхар Ражковічаў Іван Саўчук

423

Слухаючы або чытаючы жыццёвыя гісторыі людзей пасляваеннага пакалення, заўсёды здзіўляюся нязломнай сіле духа і бязмежнай самаадданасці, якія прысутнічалі практычна ў кожным чалавеку той эпохі. Напэўна, толькі дзякуючы ім разбураны край цяпер працвітае. І самае цікавае, што пра кожнага прадстаўніка гэтага пакалення можна сказаць: «Чалавек на сваім месцы», — бо кожны заслугоўваў падзякі. Хаця тагачасныя будаўнікі, настаўнікі, урачы, калгаснікі і многія іншыя не чакалі добрых слоў. Яны проста працавалі на тым участку, што выдзеліў лёс.

І адным з такіх людзей з’яўляецца Іван Купрыянавіч Саўчук, які і нарадзіўся, і жыве зараз у в. Ражковічы. Пазнаёміўся з гэтым чалавекам падчас падрыхтоўкі да юбілею ААТ «Агра-Калядзічы» (былога калгаса «Рассвет»). Кіраўніцтва гаспадаркі параіла звярнуць асаблівую ўвагу на ветэрана, лёс якога ўразіў.

Уявіце сабе, што агульны працоўны стаж Івана Купрыянавіча складае 72 гады! Але здзіўляе не толькі гэта.

Падлетак адным з першых запісаўся ў створаны ў 1948 годзе калгас. Цяперашнія яго 14-гадовыя равеснікі і не думаюць, як зарабіць грошай, а яму тады месца працы было жыццёва неабходным.

— Голадна было ў разбуранай і амаль поўнасцю спаленай фашыстамі вёсцы, — тлумачыць ветэран. — Людзі ішлі працаваць хаця б за прадукты. Выконвалі любыя работы, якія даручаліся, пры гэтым ніхто не звяртаў увагу на ўзрост і фізічныя здольнасці: можаш падняць кош бульбы — і добра.

Араў калгасныя палеткі коньмі, даглядаў і збіраў уручную ўраджай. Калі ўзнікала патрэбнасць, то разам з дарослымі мужыкамі ішоў на ўзвядзенне вытворчых аб’ектаў. І ўсюды працаваў так, нібыта ад выкананага за змену залежыць далейшае жыццё. Словам, аддаючы ўсе сілы і энергію, нягледзячы на значнасць даручанай работы: ці то будоўля, ці проста навядзенне парадку на тэрыторыі.

А ўвечары яшчэ чакала і хатняя гаспадарка, якую бацькі прывучылі з маленства не пакідаць запушчанай. Ды і сорамна было перад суседзямі, таксама руплівымі гаспадарамі.

— Не было тэхнікі, конь — адзіны на пяць двароў, дужых мужчынскіх рук не хапала, а сядзібы ў Ражковічах квітнелі, радавалі вока роўнымі градамі і дагледжанымі дварамі,— успамінае Іван Купрыянавіч. — І зарослых бур‘янамі пад самы дах хат у вёсцы практычна не было.

У павазе да працы разам з жонкай выгадавалі дзяцей, якія таксама сталі паважанымі людзьмі ў грамадстве.

Нават у 80-гадовым узросце Іван Саўчук працягваў выходзіць на калгасныя работы. У прыватнасці, забяспечваў ведамасную лазню бярозавымі венікамі, пра якія і зараз успамінаюць прыхільнікі «гарачай пары». Працаваў, пакуль хапала ўласных сіл ды здароўя, на заслужаны адпачынак канчаткова пайшоў у 2020 годзе.

Але і цяпер энергічны ветэран не сядзіць у хаце, гледзячы ў акенца, як міма імчыць жыццё, — па-ранейшаму ідзе ў нагу з ім. Часта Івана Купрыянавіча можна бачыць на веласіпедзе ў роднай і навакольных вёсках, нярэдка на двухколавым транспарце дабіраецца ў Пружаны да сваякоў. І гэта ў 90 «без пяці мінут» гадоў! Дагледжанасцю вызначаецца і яго сядзіба, дзе па-ранейшаму высаджана ўся агародніна-садавіна, што патрэбна для «аўтаномнага» жыцця.

А яшчэ ражковіцкі старажыл не кідае вязаць венікі для лазні, для навядзення парадку. Раздае іх усім жадаючым. І радуецца, што яго работа працягвае заставацца патрэбнай людзям.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік