Творча і неардынарна адзначылі ў мінулую пятніцу юбілей сваёй арганізацыі камунальшчыкі. Сапраўды, 80 гадоў спаўняецца толькі адзін раз, а значыць, адсвяткаваць такую дату варта запамінальна.
Спачатку гасцей здзівіла дэманстрацыя на гарадской плошчы спецтэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў розных накірунках камунальнай работы. Потым у фае сустракала выстава вырабаў і сувеніраў, якія зроблены рукамі работнікаў КУВП «Камунальнік». А сам канцэрт у вялікай зале гарадскога Палаца культуры пачаўся з крэатыўнай візітоўкі, падчас якой былі прадэманстраваны магчымасці прадпрыемства, падыходы да выканання паслуг і абслугоўвання абанентаў.
Вада, цяпло, святло ў нашых дамах, чысціня і парадак на вуліцах, прыгажосць месцаў адпачынку і многае іншае — штодзённая праца камунальшчыкаў. Менавіта на гэта звярнуў увагу старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч у сваім віншавальным выступленні.
— Сімвалічна, што юбілей КУВП «Камунальнік» адзначае ў Год якасці, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Адметна тое, што, нягледзячы на рэжым працы 24/7, калектыў службы ўсё роўна не забываецца пра высокі ўзровень камунальнага сэрвісу, імкнучыся пастаянна павышаць яго. А дадаткова акцэнтуецца ўвага на тое, што рухацца наперад, распрацоўваць новыя працоўныя падыходы трэба з улікам запытаў і пажаданняў пружанцаў.
Старшыня райвыканкама павіншаваў прысутных у зале, а таксама тых, хто не змог прыняць удзел ва ўрачыстасці, выконваючы працоўныя абавязкі. Асобныя словы падзякі выказаў у адрас ветэранаў галіны.
Да яго слоў далучыліся і дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, і намеснік гендырэктара абласнога прадпрыемства Юрый Міхайлоўскі, і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Кожны з выступоўцаў выходзіў на сцэну не толькі дзеля цёплых слоў, але і ўручаў граматы, падзячныя лісты заслужаным работнікам. Гэтыя афіцыйныя выступленні былі разбаўлены танцавальнымі і песеннымі нумарамі папулярнага ў Беларусі ансамбля «Свята». Дарэчы, на юбілей артысты прывезлі не толькі вядомыя песні, але і выканалі некалькі прэм’ер, якія пружанскія камунальшчыкі пачулі першымі.
На мерапрыемства былі запрошаны і ветэраны арганізацыі, якім разам з кветкамі былі адрасаваны ўдзячныя словы ад кіраўніцтва і прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства. Трэба дадаць, што ўпершыню КУВП «Камунальнік» з дапамогай выдавецтва «Вячэрні Брэст» стварыў друкаваную хроніку прадпрыемства, у якой адлюстраваны не толькі асноўныя вехі развіцця камунальнай галіны на Пружаншчыне, але і людзі, рукамі якіх творыцца сучаснасць.
А скончылася ўрачыстасць неверагодным дэсертам: пад апладысменты гледачоў на сцэну быў вынесены велізарны торт са свечкамі. Агеньчыкі, як у вялікай сям’і, задувалі старэйшыя — дырэктар Сяргей Бабрук і старшыня прафкама Людміла Мазюк. Традыцыйна ў гэты момант загадваюцца жаданні. І хаця іх сакрэт нікому не быў выкрыты, у любым выпадку перакананы, што яны збудуцца на карысць і калектыву прадпрыемства, і ўсім жыхарам Пружаншчыны.
Алег Сідарэнка
Фота аўтара
Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303543893 і https://ok.ru/budni/album/981555704200