Вторник, 14 июля 2026

Тройчы сярэбранымі сталі «Старты надзей» для плыўчых з пружанскай ДЮСШ № 2

440

Сёння — надзеі плавання, а заўтра, магчыма, спартсмены, якімі будзе ганарыцца Беларусь, спаборнічалі на гэтым тыдні ў Пружанах. Водны палац стаў месцам правядзення 7-га этапу абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей» на прызы ГА «Беларуская федэрацыя плавання».

Менавіта таму ў басейне ў мінулы аўторак было ў прамым сэнсе горача: падчас заплываў можна было ўбачыць спартсменаў з усёй вобласці, якія змагаліся за першынство ў некалькіх узроставых катэгорыях. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі тры дыстанцыі: 50 метраў брасам, столькі ж — батэрфляем, а таксама стаметроўка вольным стылем.

На турніры, канечне ж, былі прадстаўлены і спартсмены, якія прадстаўлялі нашу спартшколу і Пружаны. І дзяўчынкі не падвялі, яны заваявалі адразу тры сярэбраныя ўзнагароды.

Другое месца на 50 метрах батэрфляем заваявала Арыядна Варыцкая. Гэтую дыстанцыю яна праплыла за 38.84 секунды. Яшчэ адно серабро ў Арыядны ў заплыве на 100 метраў вольным стылем. У дадзеным выпадку плыўчыха, якая сапернічала з дзяўчынкамі 2012 г.н. і маладзейшымі, справілася за 1 мінуту 13.93 секунды.

Узнялася на п’едэстал гонару па выніках спаборніцтваў і Вікторыя Шут. Пяцідзесяціметроўка батэрфляем была пераадолена Вікай за 32.08 секунды.

Як вынік — другое месца сярод дзяўчынак 2010-2011 г.н.

Трэнер спартсменак Сяргей Каляда расказаў, што ўсяго спаборніцтвы па плаванні «Старты надзей» уключаюць 9 этапаў. Так што ў Вікторыі, Арыядны і іншых спартсменаў наперадзе — трэніроўкі і падрыхтоўка, каб пра Пружаны і нашу спартыўную школу ведалі. Тым больш статус абавязвае: з мінулага тыдня ДЮСШ № 2 — гэта «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 2 г. Пружаны».

Жадаем, каб дасягненні і поспехі вучняў і трэнераў таксама былі на ўзроўні алімпійскіх!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў глядзіце ў альбоме: https://vk.com/album-23306785_299001242