Суббота, 13 декабря 2025

Трагедыя вёскі Казлы

777

Трагедыя, якая адбылася 17 ліпеня 1942 года ў вёсцы Казлы Пружанскага раёна — гэта не проста выпадковы эпізод Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адзін са шматлікіх момантаў, які адлюстроўвае мэтанакіраваную палітыку знішчэння беларускага народа, і знак жахаў і болю, што перажылі мірныя жыхары падчас гітлераўскай акупацыі.

Пра той неймаверна страшны дзень мне распавядала бабуля Ганна Іванаўна Курыльчук. Яна страціла мужа, з якім выхоўвалі чатырох дзяцей. Дзялілася ўспамінамі і мама, Надзея Захараўна Сцепанюк, якая ў трохгадовым узросце бачыла, як карнікі спальвалі хаты, чула аўтаматныя чэргі фашыстаў, перанесла боль і жах вайны.

Кожны раз, калі слухала гэтыя ўспаміны, на вочы накатвалі слёзы і ў мяне, і ў мамы з бабуляй.

У той горкі і страшны дзень я была пазбаўлена права ўбачыць сваіх дзядуляў Захара Раманавіча Курыльчука і Фёдара Міронавіча Сцепанюка, а таксама двух братоў дзядулі — М.К. і В.К. Сцепанюкоў.

Вось як распавядала мая мама: «Гэта было на досвітку. Жыхарам вёскі Казлы загадалі ісці на ўскраіну населенага пункта. Праз перакладчыка нямецкі афіцэр абвясціў, што за сувязь з партызанамі вёска будзе спалена, а мужчыны — расстраляны. Мясцовых мужчын адвялі ў будынак клуба, а потым выстраілі па тры ў калону і партыямі падводзілі да ямы, дзе расстрэльвалі. У гэта ж час акупанты падпалілі вёску. Пасля расправы немцы закапалі забітых і з’ехалі».

Прайшло амаль 83 гады з таго дня. Але я цвёрда пераканана — гісторыя не павінна быць забыта. Памяць пра спаленыя вёскі і іх жыхароў служыць сувязным звяном паміж пакаленнямі, перадаючы важныя ўрокі, якія мы абавязаны памятаць.

У брацкай магіле пахаваны мясцовыя жыхары, знішчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Цяпер на месцы расстрэлу стаіць помнік — стылізацыя спадаючага ручніка-пакрова, увянчанага праваслаўным крыжам. Звон у верхняй частцы — знак галасоў усіх нявінна забітых.

На мемарыяльных плітах — імёны загінуўшых і надпіс: «Ахвярам ваеннага ліхалецця, загубленым 17 ліпеня 1942 года нацысцкімі акупантамі, мірным жыхарам спаленых вёсак Казлы, Краснае, Кушлі, Ліхачы, Нямковічы, Пасталова, Сілічы — наш удзячны паклон. На ўсе вякі вы ў сэрцы нашым»…

Памяць. Боль.

Лета. Лiпень. Сорак другi…
Усе жанчыны беглi.
Беглi, ляцелi, iмчалi туды,
Дзе iх мужчыны палеглi.

Але не самi яны ляглi,
Нiхто не спытаў iх жадання.
Фашысцкiя рукi толькi змаглi
Загубiць 180 мужчын на свiтаннi!

Усiх мужчын, расстраляных ураз
Дома чакалi жонкi, дзецi.
Галасiлi голасам жанчыны ў адказ:
Забралi ад iх лепшае ў свеце.

За што кожны згiнуў?
Чаму ўсе ляжаць?
За сувязь, за даклад партызанам.
А хiба трэба было маўчаць
I глядзець на краiну зразаную?!

Данеслi актыўныя звесткi сваiм
I гэта мужчынам стала праклёнам.
А нямецкая ўлада крычала мiж тым:
«Ваша вёска будзе спалёна!»

Сагналi ўсiх на ўзвышак на той.
На край вёскi,
дзе ўжо вырыты ямы…
Крычыць Ганна: «Захарка, пастой!»
Ды дзе там, былi ўжо ўсе
расстраляны…

Крык, енк, гул, стральба…
Агулам гарэлi ўсе хаты!
Беглi наўцёкi — уся галацьба,
Толькi дзяцей трымалi ахапкам.

Колькi гора, пакут,
асiрацелых дзяцей
Стала раптам на месцы спалёным…
Хай дзецi не зведаюць
тых страшных падзей!
Хай гэта адгукнецца
фашыстам праклёнам!

Цяпер толькi помнiк стаiць
мiж дубкоў —
Нам напамiн аб падзеях.
Усе людзi свету, ад веку вякоў,
Трымайцеся ў мiры, надзеях.

Няхай над краiнай будзе блакiт!
I сонца, i мiр, i гоман дзiцячы.
Усiм яснага неба! I птушак клiны
Няхай будуць толькі над намi!

Святлана Прыгажанок (Сцепанюк), ураджэнка в. Казлы