Суббота, 26 апреля 2025

Тэма Вялікай Айчыннай вайны вачамі мастакоў

508

Як і ва ўсе прыгранічныя куткі Беларусі, у Пружанскі край вайна ўварвалася агністым віхрам раніцай 22 чэрвеня 41-га года.

Не пазбег горкай долі і хутар Юзяфін, дзе пражываў дзевяцігадовы Фёдар Усік. Пачатак вайны ён запомніў на ўсё жыццё. Асабліва тое, як цішыня нядзельнай чэрвеньскай раніцы раптам у адно імгненне напоўнілася грукатам і громам…

У 15 гадоў у хлопца выявіўся талент мастака. Першую сваю паўнавартасную карціну прысвяціў мужнасці і гераічнасці чырвонаармейцаў, якія да смерці стаялі на шляху акупантаў у першыя дні вайны. Яна так і завецца: «Чадзельскі бой». Былі створаны яшчэ карціны, якія распавядаюць пра ваеннае ліхалецце. «Апошні бой партызана Арлова», «Чорны дым на Броннай гары» — назвы твораў кажуць самі за сябе. Гэтыя карціны прыцягваюць увагу наведвальнікаў. Бо гісторыя вайны, захаваная ў іх — жывая сведка, нікога не можа пакінуць абыякавым.

Яшчэ адзін экспанат — гэта праца беларускага скульптара Івана Хоміча. У пасляваенны час з таленавітых рук майстра выйшла цэлая галерэя жаночых скульптурных выяў. Скульптар лічыў, што жаночы твар асабліва перадае ўсе эмоцыі і перажыванні. Скульптура «Смутак» — гэта перажыванні жанчыны, якая многае выпрабавала і страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

З Пружаншчынай цесна звязаны лёс яшчэ аднаго вядомага беларускага мастака — Мікалая Чурабы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён жыў у Пружанах. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці стала галоўнай тэмай карцін Мікалая Дзмітрыевіча ў пасляваенныя гады. Асноўныя творы гэтай тэмы: «Цаной жыцця», «У Брэсцкай крэпасці», трыпціх «На парозе бессмяроцця», «Смага», «Пад яснае неба», «Ветэраны». Гэтыя карціны дэманструюць, як у мір рэзка ўрываецца жах вайны, парушаючы спакойны ход жыцця.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны займала важнае месца і ў творчасці Іосіфа Крупскага, які нарадзіўся ў вёсцы Куплін Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер вёска ў Пружанскім раёне). У карцінах «Брэст», «Невядомыя салдаты», «Катаванне актывіста», «Абарона Брэсцкага вакзала» мастак перадаў на палатне гераічнасць і трагедыю таго часу.

З пружанскай зямлёй злучана і імя вядомага мастака-плакатыста Уладзіміра Крукоўскага, якому ў раннім дзяцінстве прыйшлося перанесці цяжкія выпрабаванні ваеннай пары. Яго школьныя гады прайшлі ў мястэчку Ружаны Пружанскага раёна. Многія з плакатаў Уладзіміра Якаўлевіча сталі настолькі вядомымі, што лічацца сапраўднымі шэдэўрамі мастацтва плакатнай справы.

Жывапіс пра Вялікую Айчынную вайну — гэта наша спадчына, якую трэба памятаць і ведаць, каб сапраўды ўяўляць сабе, што такое вайна і якія бедствы яна прынесла нашаму народу.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»