
З распаўсюджваннем лічбавых тэхналогій мы атрымалі больш магчымасцей для таго, каб даведацца пра сваіх продкаў і сваякоў: абмяняцца звесткамі ў сацсетках і на спецыялізаваных рэсурсах, у аддаленым доступе папрацаваць з архіўнымі дакументамі. Ведаю людзей, якія ўсур‘ёз заняліся сваімі радаводамі, ды і сама нямала часу правяла за чытаннем метрычных запісаў.
«Навошта? – спытае нехта. — Што зменіцца ў маім жыцці, калі буду ведаць дату і месца нараджэння прадзядулі, дзявочае прозвішча прабабулі?».
Спрачацца з такім чалавекам бессэнсоўна, яго можна толькі пашкадаваць: бедалага не спазнаў, які душэўны ўздым дае адчуванне трываласці сваіх каранёў. Веданне, што ты не адзіны ў гэтым свеце, што цябе ахоўваюць і сілкуюць моц і любоў тваіх продкаў — нездарма роднасныя сувязі параўноўваюць з дрэвам.

Але памяць роду — гэта не толькі дакументы аб нараджэнні, шлюбе і смерці. Гэта і сямейныя рэліквіі, якія беражліва захоўваюцца нашчадкамі: альбом з пажаўцелымі фотаздымкамі, бабуліны вышываныя ручнікі, пілотка, у якой прадзед прайшоў вайну… Вялікай каштоўнасці ў грашовым эквіваленце яны могуць і не мець, а вось у плане эмацыянальным, духоўным сапраўды неацэнныя.
Пра тое, што дзядуля Антон ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны і атрымаў за храбрасць Георгіеўскі крыж — вышэйшую салдацкую ўзнагароду Расійскай імперыі, жыхар аг. Стараволя Сяргей Папко (на здымку) ведаў ад свайго бацькі. Мікалай Антонавіч сцвярджаў, што ў дзяцінстве нават трымаў сярэбраны крыж у руках. А вось куды той раптам падзеўся, не ведаў. Сапраўды, бывае: так добра хаваюць каштоўную рэч у «надзейным месцы», каб не згубілася, што ў выніку і самі схованку знайсці не могуць. Ды варта мець на ўвазе і тое, што «царскія» ўзнагароды ў савецкія часы павагай не карысталіся, не вельмі імкнуліся людзі іх афішыраваць.
Так ці інакш, але каля 80 гадоў крыж, які некалі называлі «салдацкім Георгіем», лічыўся страчаным. І вось…
— Я дзядулю не бачыў ніколі, — прызнаецца Сяргей Мікалаевіч. — Ён пайшоў з жыцця ў 1962 годзе, а бацька мой ажаніўся толькі праз два гады. Але пра крыж дзядулевы я шмат часу марыў, шукаў яго. І нібы наканаванне звыш: пасля смерці бацькі праз пару месяцаў знайшоўся крыж, лічыце, у спадчыну атрымаў. Спачатку нават вачам сваім не паверыў. Пачысціў яго, прачытаў нумар на зваротным баку: 489218…
Па нумары і ўдалося высветліць, што менавіта гэты Георгіеўскі крыж IV ступені быў уручаны ўраджэнцу вёскі Старая Воля Пружанскага павета Папко Антону Усцінавічу, бамбардзіру 75-й артылерыйскай брыгады, які вызначыўся ў баях. На ваенным інтэрнэт-форуме знайшоўся і іншы дакумент. Ён сведчыў пра тое, што 31-гадовы салдат атрымаў кантузію і 24 ліпеня 1916 года паступіў з Брэсцкага размеркавальнага пункта ў Маскоўскі шпіталь на вул. Нова-Басманнай.
Пасля вайны Антон Папко вярнуўся ў Стараволю да сваёй сям‘і. Па цяперашнім часе гэта гучыць дзіўнавата, але ў сціплай вясковай хатцы гадавалася дзевяць дзяцей: тры сыны і шэсць дачок. Зразумела, што і розніца ва ўзросце была значнай, малодшы сын Мікалай нарадзіўся ў 1938-м, у тым жа годзе, што і першы ўнук Антона Усцінавіча. У першай палове ХХ стагоддзя такім «генеалагічным выкрутасам» яшчэ ніхто не здзіўляўся.
Сынам Антона Усцінавіча таксама давялося прайсці праз выпрабаванне вайной. Сярэдні Міхаіл у нечым паўтарыў бацькавы шлях: юнак быў прызваны ў дзеючую армію пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе, служыў у 298-м стралковым палку, адкуль 7 мая 1945 года «выбыў» у шпіталь, узнагароджаны медалём «За адвагу».
Лёс старэйшага Сямёна аказаўся трагічным: камсамолец быў арыштаваны фашысцкімі захопнікамі напачатку акупацыі разам з іншымі савецкімі актывістамі в. Стараволя. У пружанскай турме прайшоў праз здзекі і катаванні і 13 ліпеня 1941 года быў расстраляны ва ўрочышчы Яцкаўшчызна каля Слабудкі. Яго імя цяпер — на помніку загінуўшым землякам, устаноўленым у Стараволі.
— Сапраўдная старавольская дынастыя, — кажа пра сваю сям‘ю Сяргей Папко. — У мяне ажно 25 стрыечных братоў і шасцёра сясцёр. Але дзядулеву ўзнагароду я пакіну ў сябе. Яна ж мне ў рукі далася, нешта гэта значыць. Вось ланцужок прымацаваў, каб больш не губляўся, калодка ж з георгіеўскай стужкай не захавалася. А калі перадам, то толькі свайму сыну ці яго будучаму сыну, каб род наш не перарываўся, прозвішча гучала.
Ірына СЯДОВА. Фота аўтара
