
Гэта знакавая дата — выдатная нагода згадаць пра шматгранную і плённую дзейнасць асобы, якая з’яўляецца сапраўдным скарбам нашай культуры. Людміла Міхайлаўна — не проста майстрыха, а душа і сэрца традыцыйнага ткацтва на Пружаншчыне, скарбніца народнай мудрасці і прыгажосці.

Нарадзіўшыся ў 1961 годзе ў вёсцы Смаляніца, Людміла з самага дзяцінства была ахутана неверагоднай прыгажосцю народных рамёстваў. Яна — патомны майстар па ткацтву, і гэты талент, як і любоў да роднай спадчыны, перадаваліся ў яе сям’і з пакалення ў пакаленне. Ва ўласнай калекцыі захоўваюцца каштоўныя ўспаміны — вытканыя і вышытыя рукамі яе маці, свекрыві і бабулі народныя касцюмы, якія штогод нагадваюць пра вытокі і працягласць гэтага цудоўнага мастацтва.
Сёння Людміла Яроцкая аддана працуе майстрам народных мастацкіх рамёстваў філіяла «Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры» ДУК «Пружанскі раённы цэнтр культуры». Яна шмат увагі надае развіццю навыкаў народнага рамяства, арганізацыі выстаў, правядзенню майстар-класаў, накіраваных на адраджэнне і папулярызацыю беларускай культуры.
Яе асноўная місія — несці ў свет прыгажосць родных традыцый і зберагаць этнаграфічную культуру нашага рэгіёна для будучых пакаленняў.
Майстэрства Людмілы Міхайлаўны даўно атрымала шырокае народнае прызнанне: пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў і фестываляў. У скарбонцы яе ўзнагарод — мноства дыпломаў, грамат і падзяк за шматгадовую працу па зберажэнні і развіцці традыцыйнай культуры.
З’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага праекта «Культурная спадчына Беларусі», у рамках якога майстрамі народнай творчасці быў створаны незвычайны мастацкі твор — вялікае пано «Карта Беларусі» з прадстаўленнем асноўных сімвалаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны кожнага рэгіёна краіны.
Дзейнасць Людмілы Міхайлаўны — гэта бесперапынны творчы працэс. Яна таксама валодае навыкамі вышыўкі гладдзю і крыжыкам, займаецца складанай працай па рэканструкцыі народнага касцюма сваёй роднай вёскі. Кожны яе выраб — гэта не проста прадмет, а жывое слова гісторыі, спалучэнне старажытных традыцый і сучаснага мастацкага бачання.
З нагоды юбілею, дарагая Людміла Міхайлаўна, прыміце самыя шчырыя віншаванні! Жадаем Вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, натхнення, творчых поспехаў і невычарпальнай энергіі ў Вашай нялёгкай, але такой важнай справе. Няхай Ваша праца працягвае асвятляць шляхі нашай роднай культуры, натхняючы новыя пакаленні на любоў да сваіх каранёў і прыгажосць народнай спадчыны!
Вольга Гардзейчык, загадчык аддзела традыцыйнай культуры ДУК «Пружанскі раённы цэнтр культуры»
