
Тэматычныя сустрэчы, наладжаныя сумесна пярвічнымі арганізацыямі ГА «Беларускі саюз жанчын» і Беларускага грамадскага аб‘яднання ветэранаў Шарашэўскага сельсавета, сталі ўжо традыцыйнымі. Нядаўна адбылася чарговая гутарка пад дэвізам «Сувязь пакаленняў». На гэты раз сабраліся ў вёсцы Зарэчча, дзе створаны ўнікальны мемарыяльны сквер у гонар землякоў — салдат Вялікай Перамогі, працягваецца стварэнне музея быту нашых продкаў.
Чаму выбралі менавіта гэтае месца? Усё лагічна: захаванне памяці пра баявое і працоўнае мінулае роднага краю як нельга лепей увасабляе ідэю сустрэчы, дае разуменне, што за кожным нашым сённяшнім поспехам стаіць праца і подзвіг папярэдніх пакаленняў. Пра гэта казаў і асноўны ініцыятар і стваральнік мемарыялу Міхаіл Куц, які зрабіў для прысутных невялічкі экскурс у гісторыю вёскі.
— Атрымалася, што сквер мы прысвяцілі не толькі землякам-зарэчанцам: гэта знак памяці ўсім воінам, якія не дзялілі агульную бяду на «маю» і «чужую». І наш абавязак — памятаць пра іх і перадаць эстафету памяці нашчадкам, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі чатырох пакаленняў шарашэўцаў. У нязмушанай размове, якую наладзіла старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Тэрэса Панамар, думкамі дзяліліся прадстаўнікі розных прафесій: аграрыі і работнікі дрэваапрацоўчай прамысловасці, педагогі і выхавальнікі дзіцячых садкоў, працаўнікі культуры, гандлю, сферы паслуг…
— У час, калі працавалі мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, было шмат добрага, радаснага, нягледзячы на пэўныя праблемы і цяжкасці, — адзначыла былы старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Надзея Антановіч. — Гэта быў стваральны перыяд. Нямала ўдалося зрабіць па развіцці сельскай гаспадаркі, прамысловасці, інфраструктуры. Але самае каштоўнае, што мы імкнуліся перадаць маладой змене, — гэта адказнае стаўленне да сваіх дзеянняў, уменне ўкладваць усю душу ў справу.
Шмат казалі пра гістарычныя карані. Аксана Пернач паразважала пра імкненне шарашэўцаў трымацца за свае традыцыі. Напрыклад, спакон веку мясцовыя жыхары займаліся дзёгцевым промыслам, у выніку да іх трывала прымацавалася мянушка «дзехцяры». Яна і цяпер існуе! Нават нядаўна створаны ў пасёлку музычны гурт узяў такую назву.
Надзея Антановіч узгадала адну з новых традыцый, якой «усяго» гадоў 30, — Дзень гарадскога пасёлка, які ў Шарашэве адзначаецца ў першую суботу жніўня.
З асаблівай павагай віталі тых, хто вучыў і выхоўваў дзяцей і займаецца гэтай справай зараз. Вольга Захарынская, якая шмат гадоў узначальвала садяслі «Баравічок», прызналася, што адчувае сябе ўжо «прабабуляй» многіх шарашэўцаў. А яе сённяшняя пераемніца Таццяна Півень пакуль толькі клапатлівая і любячая «мама», якая поўнасцю раствараецца ў дзецях. Што тычыцца Марыі Шука, то 25 гадоў кіравання дзіцячым садком у вёсцы Крыніца жанчына назвала самымі шчаслівымі ў сваім жыцці. Старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Раіса Бульчук паведаміла, што за актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у грамадскіх справах Падзячнымі пісьмамі Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» узнагароджаны Марыя Шука і Людміла Абрубка.Было што ўзгадаць і прадстаўнікам моцнай паловы. Анатоль Капіца і Валерый Падгурскі, былыя кіраўнікі калгасаў «Парыжская камуна» і імя Калініна, эмацыянальна распавялі пра справы хлебаробскія. Генадзь Пернач, Уладзімір Поспех і Аляксей Якімавец — пра апрацоўку драўніны і прадукцыю з яе.
Сустрэча падарыла шмат прыемных уражанняў усім без выключэння. Калі збудуцца ўсе шчырыя пажаданні, выказаныя адзін аднаму ў гэты дзень, то здароўя і дабрабыту хопіць з лішкам усім жыхарам сельсавета. А добры настрой — наогул лепшая прафілактыка ўсіх хвароб. «Лекавымі ўласцівасцямі» валодалі і цудоўныя песні ў выкананні вакальнага гурта «Надзея» і Аксаны Пернач.
Ірына Сядова
Фота аўтара
