Пятница, 11 сентября 2026

Сто тысяч у абласны мільён!

564

У гэты панядзелак на палетку ААТ «Жураўлінае» паміж аг. Сухопаль і в. Клятное адбылося свята з нагоды мільёна тон зерня без рапсу Брэстчыны і ста тысяч Пружанскага раёна. Адмысловыя інсталяцыі, паважаныя госці, прыгожыя песні толькі надавалі яшчэ больш урачыстасці і значнасці мерапрыемству, якое падкрэслівала адно — працавітасцю славіцца зямля беларуская. Мы, калі гаворым пра перамогу, заўсёды маем на ўвазе рабочыя рукі, на якіх і трымаецца дабрабыт краіны.

Беларусы заслужылі павагі сваёй гасціннасцю, стрыманасцю і гатоўнасцю заўжды прыйсці на дапамогу. На нашай зямлі ўсё робіцца для таго, каб чалавеку жылося прывольна, каб спакой панаваў на душы і хацелася жыць і дзетак нараджаць. А яшчэ рабіць магчымае і немагчымае, каб Айчына працвітала і родны куток не зарастаў бур’яном.

Дык прымайце, паважаны старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Пархомчык, адмысловы каравай з нагоды такой значнай для Першага рэгіёна падзеі — мільённага намалоту на жніве-2026! І як падкрэсліў губернатар, гэта ўжо стала нават традыцыяй, калі хлебаробы Брэстчыны паказваюць на ўборцы высокія рэзультаты, для іх проста не існуе перашкод, ідуць да сваёй мэты, як ні ў чым не бывала. У гэтым вялікая заслуга вясковых працаўнікоў і Пружанскага раёна, які ў чарговы раз у лідарах па вобласці са статысячным намалотам! Яны па праве заслугоўваюць шчырых слоў за цяжкую, але такую патрэбную для ўсёй краіны працу. Жніво — гэта як паказчык карпатлівай дзейнасці сельскіх работнікаў. І нам удаецца трымаць марку старанных працаўнікоў. Таксама Пётр Аляксандравіч пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, цярпення і сіл, каб хутчэй скончыць жніво і спакойна ўздыхнуць, крыху спачыць маральна і фізічна.

Важны момант на мерапрыемстве — уручэнне губернатарам Брэсцкай вобласці каравая старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Заслужылі, што сказаць, на такіх людзей можна спадзявацца ў любым выпадку. І планка ў 150 тысяч таксама дасягальная. Для гэтага, як падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч, на Пружаншчыне ёсць абсалютна ўсё: падтрымка дзяржавы, тэхніка і людзі, з якімі любая задача па плячы. Вялікі дзякуй і дырэктарам сельгаставарыстваў, якія падчас уборкі пастаянна са сваімі працаўнікамі, падтрымліваюць іх, усяляюць надзею ў перамогу на жніве. Бо добрае слова нясе ў сабе адчуванне сваёй прыналежнасці да важнай справы, якой цяпер занята ўся краіна. Нізкі паклон ад старшыні райвыканкама і жанчынам, якія нароўні з мужчынамі трымаюць сельскую гаспадарку і яшчэ паспяваюць дом дагледзець, сіл хапае і на падтрымку мужа, сына.

— Мы — проста малайцы. Дасягнуць такога рэзультату дарагога каштуе. За гэтай лічбай стаяць цяжкія працоўныя будні, дух спаборніцтва, непераадольнае жаданне годна закончыць жніво-2026. Не сумнявайцеся ў сваіх задатках, вы ніколі не будзеце забыты. І помніце, што хлебароб — гэта нават не прафесія, а знак вялікага даверу да вас, — адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

Вялікую заслугу Пятра Пархомчыка ў дасягненні высокага рэзультату Брэстчыны адзначыў выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў. За падтрымку сельскага працаўніка, прафесіяналізм, клопат аб кожным чалавеку губернатару была ўручана Падзяка, таксама як і старшыні райвыканкама. Вялікаму караблю — вялікае плаванне. На тое ён і Першы рэгіён, каб весці за сабой астатнія вобласці, быць прыкладам ва ўсіх пачынаннях.

Намеснік старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Бараноўскі далучыўся да віншаванняў. І пажадаў ад сябе паболей светлых дзён, каб работа спорылася і жыццё ладзілася. Быць сабой у любых абставінах і трымаць марку працавітага беларуса.

Пераможцам Пружанскага раёна на сёлетнім жніве заслужана былі ўручаны памятныя падарункі і букеты кветак. Гэта гонар краіны, на іх раўняцца трэба. Хоць яшчэ раз падзякаваць хочацца ўсім удзельнікам уборачнай кампаніі, бо толькі разам, у адзіным парыве мы здолеем дасягнуць сёлета высокага намалоту.

Павіншавалі, сказалі многа цёплых слоў на дарогу. Бо ўборачная-2026 яшчэ не скончана, чакаюць шырокія жніўныя палеткі. Усяго вам найлепшага, дарагія хлебаробы!

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі