
Ва ўсім свеце пасада суддзі з’яўляецца адной з самых паважаных і ганаровых. Многія лічаць яе вяршыняй юрыдычнай кар’еры. З большага, гэта сапраўды так.
Высокі статус суддзі закліканы забяспечваць падтрыманне парадку і законнасці, гарантаваць абарону правоў грамадзян, дзяржавы, арганізацый, фарміраваць высокую культуру судовай дзейнасці, аўтарытэт дадзенай сістэмы. Напярэдадні Дня юрыста старшыня раённага суда Вадзім Мазоль расказаў нам аб сваёй няпростай рабоце.
— Вадзім Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра свой прафесійны шлях. Чаму выбралі юрыспрудэнцыю?
— Маё рашэнне паступаць на юрыдычны факультэт было абдуманым і ўсвядомленым. Заўсёды хацелася разабрацца, як трэба сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі. Акрамя таго, прафесія юрыста заўсёды лічылася прэстыжнай. У 2000 годзе я скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Правазнаўства» з прысваеннем кваліфікацыі «Юрыст». Пасля працаваў стажорам суддзі суда Жабінкаўскага раёна. Імкнуўся ўнікаць ва ўсе нюансы новай прафесіі: вывучаў правапрымяняльную практыку, хадзіў на судовыя пасяджэнні, складаў праекты судовых рашэнняў. У 2002 годзе быў прызначаны суддзёй суда Бярозаўскага раёна, затым — суддзёй суда Кобрынскага. З 2009 года ўзначальваў гэту ўстанову, а з 2019 і да гэтага часу працую на Пружаншчыне.
— Якімі якасцямі павінен валодаць суддзя, каб адбыцца ў прафесіі?
— Насамрэч, нямногія становяцца суддзямі, што звязана не толькі з высокімі патрабаваннямі да кандыдата і асаблівым парадкам назначэння на пасаду, але і шэрагам якасцяў, якімі ён павінен валодаць. Да іх адносяцца такія высокія маральныя арыенціры, як сумленнасць, справядлівасць, адказнасць, непрадузятасць. Суддзя павінен мець цвёрдую жыццёвую пазіцыю, быць аб’ектыўным, імкнуцца да таго, каб вынесці законнае, абгрунтаванае і ў той жа час справядлівае рашэнне, прадбачыць далейшае значэнне сваіх дзеянняў. Акрамя таго, важна памятаць пра пільную ўвагу грамадства і за межамі залы судовых пасяджэнняў. Высокі статус накладвае на суддзю абавязак прыняць на сябе шэраг абмежаванняў. У прыватнасці, строга прытрымлівацца этычных нормаў, выконваць агульнапрынятыя правілы паводзін, быць ветлівым і цярплівым.
— Вадзім Іванавіч, з пункта гледжання Вашага амаль 20-гадовага юрыдычнага стажу, якую ацэнку далі б дзейнасці раённага суда ў бягучым годзе?
— Пружанскі суд лічыцца інстанцыяй агульнай юрысдыкцыі, таму разглядае адміністрацыйныя, грамадзянскія і крымінальныя справы. Ад чаго залежыць і наш працоўны аб’ём, які штогод застаецца адчувальным. І пастаўленыя задачы па забеспячэнні даступнасці правасуддзя, захаванні абгрунтаванасці і законнасці прымаемых рашэнняў выконваюцца дасканальна, як і павінна быць, таму што нам неабходна апраўдваць давер грамадзян як адной з галін дзяржаўнай улады.
— З якімі вынікамі завяршаецца бягучы год?
— За 11 месяцаў на разгляд было прынята 1349 спраў, з якіх закончаны ўжо 1158. Між тым, гэта лічба не ў поўнай меры адлюстроўвае нагрузку, таму што па многіх справах даводзіцца праводзіць не адно ці два пасяджэнні, здараецца, што толькі на трэцім-чацвёртым выносіцца рашэнне або вызначэнне. Да таго ж, варта дадаць, што напрыканцы года гэта лічба істотна павялічыцца. Калі параўноўваць з мінулагоднімі вынікамі, то суддзям даводзіцца штодня разглядаць па 2, а то і 3 справы.
— Наколькі адпавядае гэтай нагрузцы кадравая ўкамплектаванасць?
— Немалаважную ролю ў працы і функцыянаванні суда адыгрываюць работнікі яго апарата. На сённяшні дзень наш калектыў складаецца з 17 работнікаў. Гэта і маладыя спецыялісты, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з юрыспрудэнцыяй, і работнікі, якія добрасумленна працуюць у судзе ўжо шмат гадоў. Нашы цудоўныя дзяўчаты Наталля Рэпіха, Наталля Клюкач, Валянціна Залкоўская. Яны з’яўляюцца прыкладам для моладзі, маюць багаты прафесійны вопыт, які мы вельмі цэнім і пры тым ніколі не забываем тых, хто зараз на заслужаным адпачынку.
З нагоды прафесійнага свята віншую нашых работнікаў і ўсіх юрыстаў. Жадаю поспехаў у працы, асабістых прафесійных дасягненняў, ажыццяўлення новых планаў і ідэй, моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Гутарыў Алег Сідарэнка
