Среда, 11 ноября 2026

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч: «Я абавязаны знайсці спосаб, як дапамагчы чалавеку»

999

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч даў інтэрв‘ю Брэсцкай абласной газеце «Заря».

— Міхаіл Міхайлавіч, нядаўна Пружаншчына прымала Кіраўніка дзяржавы — Аляксандра Лукашэнку. Падзяліцеся ўражаннямі, раскажыце пра задачы, якія паставіў перад раёнам Прэзідэнт…

— Прыём Кіраўніка дзяржавы — гэта заўсёды высокая адказнасць. Патрабаванні Прэзідэнта, яго падыходы да працы з вертыкаллю заўсёды патрабуюць ад нас вялікага напружання.

Па вялікім рахунку, ацэньваючы нашу працу, Аляксандр Рыгоравіч даваў ацэнку і ўсёй Брэсцкай вобласці. Прыемна, што яна аказалася высокай.

Тэматыка паездкі была надзённай: заканчэнне ўборкі, падвядзенне пэўных вынікаў і пачатак азімай сяўбы.

Сяўба пачынаецца, як вядома, з азімага рапсу — культуры, якая мае вялікае значэнне. Ураджайнасць па рапсе ў раёне, дарэчы, склала 30,1 цэнтнера на круг, і я лічу, што гэта добры вынік. Але мяжы дасканаласці няма, у сельскай гаспадарцы мы і далей будзем прытрымлівацца спалучэння дысцыпліны і тэхналогій — так, як раіў Аляксандр Рыгоравіч.

Акрамя таго, адзначу сустрэчу Кіраўніка дзяржавы з жыхарамі Пружаншчыны. Людзі маглі задаць хвалюючыя іх пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы ад першай асобы краіны.

Лічу, што мы годна вытрымалі экзамен, нам ёсць чым ганарыцца, але ёсць і да чаго імкнуцца. У першую чаргу, маю на ўвазе стварэнне працоўных месцаў, новых прадпрыемстваў, хай і невялікіх. Галоўнае, каб была магчымасць атрымліваць зарплату, якая забяспечыць годнае жыццё.

— Большая частка Вашага жыцця звязана з роднай Пружаншчынай. Вось і цяпер, пасля невялікага перапынку, Вы зноў вярнуліся ў Пружанскі раён і, больш за тое, узначалілі яго. Што для Вас значыць быць кіраўніком роднай зямлі?

— Пры ўяўнай прастаце гэта даволі складанае пытанне. Здавалася б, тут усё знаёма, людзі ведаюць адзін аднаго, я ведаю людзей. Але менавіта таму адказнасць павышаецца ў разы. Людзі чакаюць ад цябе не проста працы — людзі чакаюць вынік. Насамрэч, праца на малой радзіме, дзеля малой радзімы — вельмі нялёгкая.

— Доўгі час на медыйным полі прысутнічала тэма Пружанскага завода радыёдэталяў — спярша як паспяховага ў савецкі час прадпрыемства, затым як даўгачаснай праблемы. У якім становішчы знаходзіцца радыёзавод на дадзены момант?

— Сёння гэта прадпрыемства, якое працуе стабільна. Зразумела, цяперашні завод нельга параўноўваць з ранейшым, савецкай пары, на якім было створана некалькі тысяч працоўных месцаў.

На дадзены момант на радыёзаводзе працуе ўсяго сто пяцьдзясят чалавек, але, тым не менш, гэтае даволі прыметнае прадпрыемства. Штэпсельныя раздымы, напрыклад, якія вырабляюць тут, выкарыстоўваюцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Прадукцыю завода выкарыстоўваюць і МАЗ, і БелАЗ, і Гомсельмаш.

Дарэчы, як ні парадаксальна, уведзеныя недружалюбнымі краінамі санкцыі далі дадатковы стымул да развіцця завода, прымусіўшы павялічыць наменклатуру выпускаемай прадукцыі. Безумоўна, на прадпрыемства легла дадатковая нагрузка, але гэта, як кажуць, прыемныя клопаты.

Цяпер склалася ўнікальная сітуацыя, калі некаторая запатрабаваная прадукцыя не вырабляецца нідзе, акрамя як у Пружанах. На днях я размаўляў з дырэктарам радыёзавода, яго прагноз аптымістычны. Прадпрыемства плённа працуе, людзі атрымліваюць зарплату, асартымент прадукцыі пашыраецца. Вынікам стане павелічэнне колькасці працоўных месцаў.

— У Вас рэпутацыя валявога і патрабавальнага, калі не сказаць жорсткага кіраўніка. Ці не баяцца землякі ісці на прыём да старшыні з такім характарам?

— Калі жыццё прымушае чалавека ісці на прыём, характарам начальніка яго не спалохаеш. Чалавек не павінен баяцца несці свае праблемы. Калі ён ідзе на прыём, значыць, ён табе давярае, спадзяецца на дапамогу ці хаця б на падказку. Я ж абавязаны знайсці спосаб, як дапамагчы чалавеку.

Я адчуваў, што спачатку людзі ішлі да мяне, як да свайго, мясцовага, як да земляка. Але толькі на гэтым, пагадзіцеся, доўгатэрміновы давер не пабудуеш. У любой сітуацыі патрэбны вынік. Незалежна ад таго, якія пытанні хвалююць чалавека — стан дарог ці ахова здароўя, незалежна ад таго, хто прыйшоў — вясковец або гараджанін, дапамога патрэбна ўсім. Часам жа чалавеку трэба проста выгаварыцца, ён прыходзіць за словамі спагады.

А таму правядзенне прыёмаў грамадзян і тэлефонных ліній я лічу даволі складанай працай. Але, тым не менш, менавіта гэтыя формы работы ўвасабляюць тое, што называецца ўзаемасувяззю ўлады і народа.

Часам нам здаецца, што ў век інфармацыйных тэхналогій не праблема быць у курсе ўсяго. Але пажылому чалавеку іншым разам не хапае інфармацыі па самых надзённых пытаннях. Мы павінны разумець, што не ўсе людзі сядзяць ў мэсэнджэрах. Старэйшаму пакаленню часта гэта проста нецікава. А вось жывая размова, асабістая сустрэча выклікаюць у чалавека давер.

Я люблю гэтую працу — сустракацца з людзьмі, асабіста мне цікава ведаць, што хвалюе людзей. Канечне, на першы погляд здаецца, што гэта аднатыпныя пытанні: газіфікацыя, будаўніцтва жылля, бытавыя праблемы… Але часта для самога чалавека яны глабальныя. І ўжо гэта мае вялікае значэнне.

— Гістарычная спадчына Пружаншчыны вельмі багатая. Якім, на Вашу думку, павінен стаць Год гістарычнай памяці для раёна з такой спадчынай?

— Патэнцыял гістарычнай спадчыны Пружаншчыны даволі вялікі. Ролю спадчыны я бачу ў патрыятычным выхаванні, у прыкладах ахвярнасці, сімваламі якой з’яўляюцца пахаванні абаронцаў Айчыны — ад салдат 1812 года да байцоў Чырвонай Арміі. І мемарыялы загінулым, і помнікі больш далёкіх эпох павінны служыць глыбокаму разуменню мінулага і сённяшняга дня краіны, выхаванню чалавека і грамадзяніна, які не паддаецца імгненным эмоцыям.

Менавіта на хвалі эмоцый у дваццатым годзе мы ледзьве не страцілі краіну. Добра, што мы зрабілі высновы з той сітуацыі і сёння запаўняем прабелы ў гістарычнай памяці, самасвядомасці і выхаванні.

— Пружаны аднымі з першых беларускіх гарадоў набылі новае аблічча дзякуючы рэспубліканскім «Дажынкам-2003». Як сёння ідуць справы па добраўпарадкаванні і Пружан, і іншых населеных пунктаў раёна?

— Чысты акуратны горад — адзін са складнікаў таго, што прымушае моладзь затрымлівацца на месцы, нараўне з годнымі зарплатамі і месцамі правядзення вольнага часу (такімі, у прыватнасці, як лакацыі для бацькоў з маленькімі дзецьмі).

Як Вы адзначылі, ужо амаль дваццаць гадоў таму Пружаны набылі абноўленае аблічча. Дзякуючы абласным «Дажынкам» нядаўна вельмі пахарашэлі і Ружаны.

Актуальным засталося пытанне добраўпарадкавання Шарашэва. Гэта вялікі населены пункт з самабытнай гісторыяй. Цяпер трэба там ствараць умовы для замацавання моладзі.

— Як Вы ацэньваеце турыстычны патэнцыял раёна? Ці дапаможа яму бязвізавы рэжым?

— Калі паглядзець на лічбы, то ў 2020 годзе раён наведала каля 30 тысяч турыстаў, а ў 2021-м — ужо каля 48 тысяч чалавек.

Зразумела, пандэмія наклала свой адбітак на турыстычную галіну, якую цяпер мы вельмі стараемся развіваць.

Мне здаецца, што кожны раён Брэстчыны павінен мець сваю адметнасць, каб замацаваць турыстычныя традыцыі. Для нашага раёна такой асаблівасцю з’яўляецца, напрыклад, фестываль «Ружанская брама». Ён павінен стаць нашым брэндам, які дазволіць людзям акунуцца не толькі ў эпоху Льва Сапегі, але і ў больш старажытныя часы, і ў нядаўнія гістарычныя перыяды. Але над гэтым, прызнаюся, нам неабходна шмат працаваць.

У нас ёсць таксама выдатны санаторый «Ружанскі», дзе можна адпачыць, паправіць здароўе. Калі ў мінулыя гады адбыўся вялікі спад яго наведвальнасці, то зараз назіраецца ўздым: санаторый загружаны на ўсе сто працэнтаў.

Калі гаварыць пра ўвядзенне бязвізавага рэжыму, то для Пружанскага раёна гэта вельмі сур’ёзны патэнцыял. І палякі, і літоўцы маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць, як у нас прыгожа і спакойна. Бязвіз — гэта шанец даць адчуць гасцям, што такое Беларусь. Прыязджайце, адпачывайце!

Гутарыў Ігар Гетман, zarya.by