
— Ах, дзеткі, вы ж і гармонік з сабой прывезлі! А я ноч не спала,
усё думала, як мяне віншаваць будуць, хоць бы гармонік быў, — прызнавалася Ганна Іванаўна Дарафяйчук, калі на парозе дома сустракала шматлікую дэлегацыю. 10 ліпеня яна адзначыла сваё 100-годдзе, і жадаючых павіншаваць са значнай датай аказалася нямала.
У мінулы панядзелак «залатую» юбілярку наведалі прадстаўнікі Шаняўскога сельскага выканаўчага камітэта, ААТ «Шані-аграпрадукт», Шаняўскога сельскага клуба-бібліятэкі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, раённага савета ветэранаў. Традыцыйна было шмат кветак і падарункаў, шчырых пажаданняў моцнага здароўя і бадзёрасці, падтрымкі блізкіх і аптымізму. І самым жаданым падарункам (нібы адчувалі, узялі з сабой баяніста) аказаўся музычны. Ганна Іванаўна не проста з задавальненнем паслухала песні ў свой гонар, але и паспявала сама: і прыпеўкі, і «Кацюшу». Нават у танцы крышку прайшлася. А на пытанне, ці не цяжкая падобная нагрузка ў такім шаноўным узросце, катэгарычна адказала: «Не! Калі прыехалі да мяне, то давайце пасвяткуем».
— Ды бабуля ў нас яшчэ і агарод поле, — кажа ўнучка Марына Валюшка, у пружанскі дом якой Ганна Іванаўна перасялілася не так даўно. – Без справы сядзець яна не прывыкла.
Ганна Дарафяйчук нарадзілася і амаль усё жыццё пражыла ў вёсцы Лібія непадалёк ад Гарадзечна. У беднай сялянскай сям‘і было пяцёра сыноў і пяцёра дачок. Навучанне дзяўчынкі звялося да двух класаў польскай школы: каб пражыць, трэба было цяжка працаваць і дарослым, і малым. А наперадзе была вайна, за ёй — пасляваенныя складаныя гады…
— Нас, дзяўчат, пасля вайны накіравалі ў школу фабрычна-
заводскага навучання ў Ніжні Тагіл, — узгадвае Ганна Іванаўна. — Голад там быў неймаверны, неверагодна цяжка. Мы і збеглі адтуль. Ледзь я пад суд не трапіла з-за гэтага, законы яшчэ ваенныя былі. Дапамаглі вярбоўшчыкі з Тэльмаў, дзе пачало дзейнічаць торфапрадпрыемства. А потым у калгас пайшла працаваць. Куды
ж я яшчэ з двума класамі адукацыі? — разважае бабуля.
Працу ў пасляваенным калгасе таксама лёгкай не назавеш. Спачатку Ганна Дарафяйчук працавала ў паляводстве, а як дзеці падраслі, пайшла на ферму, 16 гадоў гадавала цялушак. Адсюль і на пенсію пайшла. Крыху раней вызначанага тэрміну, дарэчы, бо нарадзілася ўнучка Марына і трэба было яе глядзець. Цяпер жа жыццё склалася так, што пасля шэрагу цяжкіх страт менавіта Марына Віктараўна са сваёй дачкой засталіся яе самымі блізкімі людзьмі. Сям‘ёй, дзе бабулю любяць, песцяць і імкнуцца выканаць усе яе пажаданні.
Зараз вучоныя шмат разважаюць пра сакрэты доўгажыхароў. Называюць і разнастайныя дыеты, і лад жыцця, і разумныя фізічныя нагрузкі, і адсутнасць стрэсаў… Але ў размове з Ганнай Іванаўнай разумееш, што менавіта цяжкасці і стрэсы загартавалі яе, нібы далі нязломны стрыжань, непахісную прагу да жыцця. А яшчэ заўсёды дапамагалі аптымізм, любоў да родных людзей, і жаданне ім дапамагчы і, зразумела, спевы.
— І Бог дапамагаў, — кажа бабуля. — Я вянчальны свой пярсцёнак захоўваю. У 24 гады вянчалася ў Гарадзечненскай царкве. Потым, пасля яе аднаўлення, 20 гадоў спявала на клірасе. І цяпер хачу паехаць, каб пеўчыя праспявалі мне «Многія леты»…
Няхай вашы мары збываюцца, шаноўная Ганна Іванаўна! Здароўя вам, аптымізму, сіл, Божай дапамогі, каб выканаць усе свае планы.
Ірына Сядова
Фота аўтара
