Понедельник, 9 декабря 2024

Спартыўна-гістарычны квэст

350

То можна атрымаць каштоўныя падарункі, у чым пераканаліся ўдзельнікі спартыўна-гістарычнага квэсту, які прайшоў на вуліцах нашага райцэнтра на другі дзень фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу».

Арганізатары культурна-спартыўнага свята анансавалі шмат навінак сёлетняга мерапрыемства, сярод якіх было праведзена і гэтае выпрабаванне. Дагэтуль пастаянныя ўдзельнікі «вытокаўскага» фестывалю — Беларуская алімпійская акадэмія — практыкавалі тэарэтычныя семінары і лекцыі з удзелам знакамітых спартсменаў. Такія сустрэчы з гутаркамі праходзілі і летась у Глубокім, Баранавічах. На 2024 год, калі быў абраны для правядзення свята толькі адзін горад Пружаны, як зазначыла старшыня БАА Наталля Апанчук, было вырашана таксама разнастаіць фармат, насыціць яго больш рухавымі выпрабаваннямі і, відавочна, падрыхтаваць пад гэта прыцягальныя прызы. Так і нарадзілася ідэя правесці спартыўна-гістарычны квэст па пружанскіх вуліцах.

Згодна з умовамі, былі вызначаны разам са стартавай 7 кропак, на якіх павінны былі адзначыцца ўдзельнікі выпрабаванняў. На кожнай з іх трэба было адгадаць, дзе будзе наступная лакацыя, а яшчэ выканаць якое-небудзь спартыўнае заданне — з практыкаваннямі або лагічнымі задачамі. На ўсю дыстанцыю адводзілася 40 мінут, што адлюстравана і ў назве спаборніцтва — «Даведацца пра горад за 40 мінут».

Усяго жаданне прыняць удзел у выпрабаваннях выказалі 18 каманд, для чаго яны прайшлі рэгістрацыю ў сацыяльных акаўнтах алімпійскай акадэміі. З улікам колькасці членаў у кожнай групе ад 2 да 5 чалавек, атрымалася, што на марафон па пружанскіх вуліцах запісалася больш за 80 кандыдатаў на званне самых хуткіх і разумных. Сярод удзельнікаў было і нямала прыезджых з іншых гарадоў. Зразумела, што іншагароднія спартсмены аказаліся не ў роўных умовах з мясцовымі пружанцамі, што і адбілася на выніку. Безумоўна, без падарункаў за ўдзел у спартыўна-гістарычным квэсце ніхто не аказаўся, але ж пераможца вызначаны адзін.

На цырымоніі адкрыцця падоранага Пружанам Нацыянальным алімпійскім камітэтам шматпрофільнага скейт-ролер парка была абвешчана назва каманды-пераможцы. Ёй аказалася дружная група «Кіты» сям’і Магільных. Больш таго, яны паставілі абсалютны рэкорд спаборніцтва: пераадолелі ўсю дыстанцыю за 28 мінут! І пры гэтым не памыліліся ні на адной лакацыі, атрымаўшы станоўчыя адзнакі ў сваім пуцявым лісце.

Аляксандр Магільны, галава сям’і:

— Калі ведаеш свой горад, а таксама цікавішся спартыўнымі навінамі, то праходжанне заданняў не выклікае цяжкасцей. Складана было бегчы паміж лакацыямі, пераадольваючы немалую адлегласць да кожнай з сямі кропак. Вельмі спадабаліся лагічныя заданні, калі патрабавалася пазнаць беларускага спартсмена па фотаздымку, апісанні яго дасягненняў. Але сумесна мы справіліся з усім і атрымалася так, што прыйшлі першымі да фінішу.

У якасці галоўнага падарунка ўсе члены каманды-пераможцы атрымалі ад Беларускай алімпійскай акадэміі мяккую цацку і бесправадную калонку. А яшчэ — званне самых лепшых знаўцаў гісторыі свайго горада і нацыянальнага спорту.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік