
Калі хочаш, каб працаўнік прыкладаў усе намаганні для дасягнення рэзультату, тады абавязкова паклапаціся аб ім. Спытай пра здароўе, сям’ю, не лішнім будзе пацікавіцца і настроем, бо ад яго залежыць многае. Фінансавае становішча таксама не на апошнім месцы. Адным словам, складнікаў шмат. Сярод іх і забеспячэнне працаўнікоў гарачымі і смачнымі абедамі, нават вячэрамі, калі маецца такая неабходнасць. Асабліва ў сельскай гаспадарцы, калі распачынаюцца палявыя работы і нельга губляць ні мінуты.
На пастаянным кантролі трымаецца дадзенае пытанне ў ААТ «Жураўлінае». Кіраўніцтва сельгаставарыства не лічыць грошы, а робіць усё для таго, каб ніхто на пусты страўнік не працаваў, не думаў аб скарынцы хлеба. Пры гэтым, для сваіх працаўнікоў, якія заняты сяўбой, нарыхтоўкай кармоў, уборкай, усталявана льготная расцэнка на тыя ж абеды — 1 рубель 25 капеек! Проста падумайце, што можна купіць за гэтыя грошы ў тым жа магазіне, каб суцішыць голад? А размова ж ідзе пра паўнацэнны рацыён страў.
Напрыклад, у сераду бягучага тыдня меню складалася з супу з макароннымі вырабамі, кашы рысавай, да якой прыкладалася смажаная сялянская каўбаса, вінегрэту з агародніны, хлеба, пірагу і напою. Усё свежае, пахкае. А порцыя проста ўражвае, цікава было б паглядзець на таго, хто зможа пасля з’едзенага папрасіць дабаўкі!
Меню на працягу тыдня ніколі не паўтараецца. Як расказала загадчыца сталовай Таісія Шыцікава, кожны дзень гатуюцца новыя стравы. Два разы на тыдзень падаецца бульбяное пюрэ. Рыба, курыца, свініна, усё для працаўнікоў, якія выкладаюцца на поўную для дабрабыту гаспадаркі і свайго. Добрай падмогай з’яўляецца свой свінакомплекс, з якога і пастаўляецца мяса. І яго павінна быць не менш за 100 грамаў на порцыю. Тое ж і з супамі, і напоямі. Расольнікі, з капусты, крупы, чай, какава, кісель. Усяго не пералічыш. Галоўнае, што гатуецца, як у сваёй сям’і, шчырымі і прыгожымі работніцамі сталовай. Ім адным вядомы сакрэт: толькі добра накормлены чалавек заўсёды ўсміхаецца, на пазітыве, перавыконвае норму, яму не мрояцца булкі на дрэвах.
А гатуецца ўсё ў Доме механізатара, які знаходзіцца ў аг. Клепачы. Тут маецца неабходнае сучаснае абсталяванне. Зразумела, пільная ўвага ўдзяляецца захаванню санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Пад кантролем Таісіі Шыцікавай таксама і каларыйнасць страў, каб цераз гадзіну страўнік зноў не прасіў есці. Адным словам, у ААТ «Жураўлінае» галодных вачэй не ўбачыш.
Дастаўляюцца ж абеды на палеткі чатырма аўтамабілямі. Выезд пачынаецца ў 11.30-11.45 гадзін і вяртаюцца вадзіцелі 14.00-14.20. За гэты час намотваюць да 100 кіламетраў. І не дзіўна, сельгаставарыства вельмі вялікае па плошчы, а ў сярэднім трэба пакарміць 200 чалавек падчас пасяўной і корманарыхтоўчай кампаніі і да 250 на ўборцы. Але нічога страшнага, людзі ў гаспадарцы дружныя, заўсёды ідуць на выручку адзін аднаму і разумеюць, што толькі ад іх залежыць заўтрашні дзень.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
