
У маі мінулага года на тэрміновую армейскую службу быў прызваны пружанец Ягор Горбач. Да гэтага моманту ён паспеў скончыць гімназію і адвучыцца ў БНТУ на будаўнічым факультэце.
— Падчас прызыўной камісіі мне прапанавалі мноства варыянтаў праходжання службы, мой выбар спыніўся на 210-м авіяцыйным палігоне, — расказвае салдат. — Прызнаюся, арыентаваўся на тое, што ён паблізу ад дома, але потым пераканаўся: мне сапраўды пашчасціла.
Літаральна з першых дзён Ягор упэўніўся ў тых перавагах, якія дае служба на палігоне. На пасадзе вадзіцеля-пражэктарыста вайсковец пастаянна знаходзіцца ў эпіцэнтры тых падзей, што адбываюцца ў часці, назірае за работай лётчыкаў беларускіх ваенна-паветраных сіл, а таксама ўносіць сваю лепту ў забеспячэнне іх падрыхтоўкі.
Пры падвядзенні вынікаў за мінулы месяц Ягор Горбач быў прызнаны лепшым салдатам у сваім падраздзяленні. Гэты ваеннаслужачы паказаў добрую баявую падрыхтоўку і вызначыўся нядрэнным станам вайсковай дысцыпліны. Служыць Ягору яшчэ паўгода, і ёсць усе высновы спадзявацца, што ён пакажа таксама выдатныя вынікі.
А пасля дэмабілізацыі пружанец мяркуе вярнуцца ў родны горад, на ранейшае месца працы. Яно замацавана за спецыялістам, і варта спадзявацца, што набыты армейскі вопыт яму абавязкова спатрэбіцца, дапаможа праявіць адказнасць і дысцыплінаванасць.
Вадзім Сямак, намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце